Белорусский портал в Казахстане

Ліда адзначыць 695-годдзе рыцарскім турнірам і фестывалем хмелю, соладу і вады



Аб гэтым паведамілі ў аддзеле культуры Лідскага райвыканкама. Адсвяткуе значную дату горад 8 верасня.

Райцэнтр збярэ тысячы гасцей з усёй краіны і з-за мяжы.

Мерапрыемствы разгорнуцца на некалькіх пляцоўках. Адной з цэнтральных лакацый стане старажытны замак. Тут пройдзе маштабны рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка". Удзел у ім прымуць больш за 50 рыцараў з Беларусі і краін-суседак.

У праграме конны турнір, бугурты "Бітва двароў", індывідуальныя паядынкі, паказальныя выступленні. Запланаваны і анімацыйныя паказы, выступленні музыкантаў. Актыўнасці прадоўжацца да вечара. Завершаць праграму піратэхнічнае шоу і дыскатэка Zamok dance.

У Дзень горада ў Лідзе ўжо чацвёрты раз пройдзе фестываль хмелю, соладу і вады LIDBEER. Гасцей чакае вялікі фуд-корт, квэсты і шмат музыкі. На галоўнай сцэне выступяць рок-групы з Беларусі, Расіі і Украіны: "ЧуVство Полета", "Nizkiz", "Animal Джаz", "Воплі Відоплясова". Хэдлайнерам канцэрта стане група "Ленінград".

Адкрыецца свята тэатралізаваным шэсцем, якое будзе прысвечана багатай гісторыі Ліды. Цэнтр горада ператворыцца ў вялікую святочную пляцоўку з работай рамеснікаў, сувенірным гандлем, аб`ектамі харчавання, дзіцячымі забаўляльнымі гарадкамі.

На пляцоўцы ля цэнтральнай бібліятэкі адкрыецца музычны вернісаж з удзелам дзіцячых калектываў раёна. У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры запланавана правядзенне майстар-класа па ткацтве.

У гасцей свята будзе магчымасць азнаёміцца з унікальнымі традыцыямі ткацтва Панямоння. У праграме шматлікія экскурсіі і выставы.

6 верасня 2018, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/523/44873
Текущая дата: 17.05.2024