Белорусский портал в Казахстане

Першы фестываль лічбавых тэхналогій DigiFEST пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы



Галоўная мэта — стымуляваць цікавасць дзяцей да лічбавых тэхналогій і робататэхнікі.

Праграма фестывалю прадумана з улікам узросту ўдзельнікаў. Так, студэнтам, навучэнцам каледжаў і старшакласнікам будуць прапанаваныя майстар-класы па праграмаванні мікракантролераў, робататэхніцы, 3D-мадэляванні і друку, праектаванні праграм і рабоце з платформай “Інтэрнэт рэчаў”.

Кагосьці зацікавяць майстар-класы па праграмаванні і кіраванні беспілотнымі транспартнымі сродкамі, канструяванні робатаў, праграмаванні шматфункцыянальных робатаў-маніпулятараў, выкананні розных чарцяжоў, схем і малюнкаў.

Для навучэнцаў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту арганізуюць майстар-класы па праграмаванні і канструяванні мадэляў з выкарыстаннем механічных перадач і робата на дыстанцыйным кіраванні. Дзецям раскажуць, як стварыць праект “разумнага дома” з дапамогай лічбавай лабараторыі, пакажуць, як збіраць электрычныя схемы і прылады з дапамогай электроннага канструктара. Акрамя гэтага ўсе ахвотныя змогуць прыняць удзел у майстар-класе па маляванні 3D-абсадкай.

Падчас фестывалю пройдуць дэманстрацыі цікавых распрацовак у галіне робататэхнікі, удзельнікаў пракансультуюць па пытаннях атрымання адукацыі ў галіне лічбавых тэхналогій. Таксама адбудзецца прэзентацыя новай спецыяльнасці "Камп’ютарная фізіка", на якую ўпершыню будзе абвешчаны набор у ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2019 годзе. Акрамя гэтага партнёры ўніверсітэта правядуць прафарыентацыйны майстар-клас "Паспрабуй сябе ў IT-прафесіях".

Фестываль арганізаваны фізіка-тэхнічным факультэтам купалаўскага ўніверсітэта сумесна з партнёрамі: вучэбна-навукова-вытворчым цэнтрам “Тэхналаб”, Асацыяцыяй "Робататэхніка і штучны інтэлект", школай лічбавых тэхналогій “Фарсайт”, лабараторыяй робататэхнічных сістэм Аб`яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН РБ, кампаніяй EasyCraft, Гродзенскім абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці, Адукацыйным цэнтрам ПВТ.

Фестываль адбудзецца 16 лютага.

Удзел ва ўсіх у мерапрыемствах бясплатны. Падрабязная праграма і рэгістрацыя на фестываль па спасылцы.

Надзея Нікалаева
Звязда, 10 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/523/46831
Текущая дата: 15.11.2024