Белорусский портал в Казахстане

НАН Беларусі аб`явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці



Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб`явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці. Такое рашэнне прынята бюро Прэзідыума НАН Беларусі, паведамілі ў прэс-службе Акадэміі навук.

Конкурс праводзіцца ў мэтах павышэння прэстыжу навуковай дзейнасці і якасці падрыхтоўкі нацыянальных кадраў, развіцця творчай актыўнасці, садзейнічання прафесійнаму росту маладых вучоных, стымулявання інтарэсу да навуковай творчасці і прыцягнення моладзі ў навуку, фармавання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця прыналежнасці да будучыні краіны.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі шырокай грамадскасці - школьная, студэнцкая і рабочая моладзь, творчыя людзі, вучоныя, прадстаўнікі вышэйшай школы, настаўнікі, дзеячы культуры, аспіранты, магістранты.

Конкурс праводзіцца НАН Беларусі ў 2024 годзе па сямі намінацыях: "Фізіка, матэматыка і інфарматыка - аснова якаснай апрацоўкі, перадачы, захоўвання і абароны інфармацыі"; "Фізіка-тэхнічныя інавацыі для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных вытворчасцей"; "Дасягненні хіміі і прыродакарыстання - Году якасці"; "Беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці"; "Медыцынская навука - аснова высокай якасці жыцця"; "Гуманітарная навука - Году якасці"; "Аграрная навука - высокай якасці сельскагаспадарчай прадукцыі".

У кожнай з намінацый конкурс праводзіцца па трох катэгорыях: 1-я - школьнікі і студэнты; 2-я - магістранты, аспіранты, маладыя вучоныя (да 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2024 года); 3-я - вучоныя акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, настаўнікі, творчыя людзі (старэйшыя за 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2024-га). У кожнай з катэгорый уручаюцца дыпломы I, II і III ступені.

Удзельнікамі могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы ў складзе не больш як трох чалавек.

На конкурс прадстаўляюцца вынікі даследаванняў, апублікаваныя ў форме артыкулаў (цыкла артыкулаў) у навуковых і навукова-папулярных выданнях, распрацоўкі, якія валодаюць канкурэнтаздольнасцю, эфектыўнасцю, сацыяльна-эканамічнай значнасцю, а таксама макеты, узоры, навуковыя даклады, прэзентацыі, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, музычныя і мастацкія творы, творы прозы і паэзіі.

Матэрыялы на конкурс, прысвечаны Году якасці, аформленыя ў адпаведнасці з палажэннем, накіроўваюцца ў адным экзэмпляры да 1 кастрычніка 2024 года ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.

26 лютага 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/53/72822
Текущая дата: 16.11.2024