Белорусский портал в Казахстане

У свет спорту канца XIX - пачатку XX стагоддзя запрашае Дом-музей I з`езда РСДРП



Выстаўка "Къ спорту!" адкрыецца 18 студзеня ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі "Дом-музей I з`езда РСДРП", паведаміў куратар праекта Андрэй Ляневіч.

"Ні для каго не сакрэт, што сучасная Беларусь асабліва ставіцца да развіцця спорту. Імёны знакамітых спартсменаў сучаснасці Максіма Мірнага, Дар`і Домрачавай, Аляксандра Глеба, Аляксандра Хацкевіча, Меліціны Станюты і многіх іншых навечна ўпісаны ў залатую кнігу гісторыі айчыннага спорту і знаёмы амаль кожнаму. Але ці ўсе мы ведаем аб спартыўных дасягненнях Мінска і мінчан, скажам, сто і больш гадоў таму? Напярэдадні правядзення II Еўрапейскіх гульняў мы запрашаем усіх акунуцца ў свет спорту пачатку мінулага стагоддзя, а таксама азнаёміцца з імёнамі першых айчынных чэмпіёнаў, чые дасягненні былі пакладзены ў аснову перамог сучаснасці і сталі вядомымі далёка за межамі Беларусі", - расказаў Андрэй Ляневіч.

На выстаўцы ўпершыню будзе прадстаўлена рэканструкцыя спартыўнай моды канца XIX - пачатку XX стагоддзяў, прадметы спартыўнага інвентару, копіі дакументаў і фатаграфій таго перыяду, элементы гарадскіх гульняў і многае іншае.

"Мы хочам паказаць, якія віды спорту былі найбольш папулярнымі ў той час, як выглядала спартыўнае адзенне. У прыватнасці, у нас цяпер рыхтуецца рэканструкцыя 7 спартыўных касцюмаў. Гэта будзе тэнісны, футбольны, лыжны, купальны касцюмы, а таксама для гімнастыкі, гульні ў кракет і касцюм веласіпедыста. Што датычыцца рэдкіх экспанатаў спартыўнага інвентару, то будуць прадстаўлены канькі і кідальнае ядро першай палавіны XX стагоддзя", - адзначыў куратар праекта.

Акрамя візуальнай атмасферы мінулага стагоддзя наведвальнікі выстаўкі змогуць таксама даведацца больш аб развіцці дарэвалюцыйнага спорту, гісторыі ўзнікнення першага гарадскога таварыства аматараў спорту, якое з`явілася дзякуючы гарадскому галаве Каралю Чапскаму ў 1892 годзе, а таксама Мінскага веласіпеднага таварыства і іншых. Акрамя таго, праект уключае шэраг інтэрактыўных пляцовак, на якіх можна адчуць сябе сапраўдным плывуном пачатку стагоддзя, сфатаграфавацца ў якасці аднаго з персанажаў стэнда тантамарэскі, а асабліва актыўныя наведвальнікі змогуць праверыць свае сілы ў гульні ў кікер. Выстаўка "Къ спорту!" будзе працаваць у Доме-музеі I з`езда РСДРП да 26 лютага.

9 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/530/46487
Текущая дата: 15.11.2024