Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі падкрэслівае недапушчальнасць карупцыі ў медыцыне і папярэджвае, што даравання нават урачам за такія правапарушэнні не будзе



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 студзеня пасля ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства было шмат прадстаўнікоў медыцынскай галіны. У прыватнасці, аб сваіх дасягненнях расказала доктар медыцынскіх навук, дацэнт, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак.

"Вы не толькі вучоны, але і вялікі начальнік. Што адбываецца ў Міністэрстве аховы здароўя? Вы ў курсе справы? Колькі перасаджалі начальнікаў і так званых прагрэсіўных, таленавітых арганізатараў, галоўных урачоў я маю на ўвазе, артапедаў і іншых", - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Людміла Макарына-Кібак у адказ сказала, што ў курсе гэтых падзей, і выказала ўпэўненасць, што такое ў галіне не паўторыцца. Паводле яе слоў, перагледжаны ўжо падыходы да закупкі абсталявання, паводзін урачоў.

"Вы перш за ўсё камісію сваю павярніце ў парламенце менавіта на гэты напрамак. Нам гэта вельмі важна. Гэта нядобра, калі на святой справе людзі набіваюць кішэні, закупляючы невядома як лекавыя прэпараты, павялічваючы на чвэрць або на трэць іх кошт. І медыцынскае абсталяванне. Вы ведаеце, аб чым ідзе гаворка, ды і ўсё наша грамадства ведае. Даравання ўрачам тут не будзе. Забудзьце аб сваёй карпаратыўнасці. Я не той прэзідэнт, які будзе кланяцца вам таму, што вы ўрачы, і заплюшчваць вочы на той беспарадак, які творыцца ў ахове здароўя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

25 студзеня 2019, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/535/46731
Текущая дата: 28.12.2024