Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка адказаў на пытанне аб сваім бачанні ідэальнай будучыні Беларусі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці адказаў на пытанне, якой ён бачыць ідэальную будучыню Беларусі.

"Я ідэальнай будучыні Беларусі не бачу. Нават расійскі Прэзідэнт не зможа ўбачыць ідэальную будучыню Расіі. У Расіі магчымасці вялікія. А ў мяне ідэальная ў Беларусі... Нават не ў мяне, а ў нашай Беларусі ідэальнай будучыні ніколі не будзе. Таму што ідэальнага не бывае наогул. Нават у ЗША - паглядзіце, што робіцца, нямала праблем", - па-філасофску паразважаў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу, як развіваецца свет, што таксама ўплывае на перспектыву дасягнення нечага ідэальнага ў плане жыцця краіны.

"Для Беларусі, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх шляхоў... У нас ніколі не было ідэальнага, калі паглядзець у гісторыю, і не будзе. І ў Расіі не будзе. Таму што місія ў Расіі вялікая", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, якую найлепшую будучыню з магчымай бачыць для краіны кіраўнік дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я заўсёды кажу па-простаму: галоўнае, каб не жыць ва ўмовах вайны. Вось вайна не патрэбна - ні нам, ні вам. А ўсё астатняе мы самі зробім. Што не зробім - купім".

14 снежня 2018, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/537/46016
Текущая дата: 15.11.2024