Белорусский портал в Казахстане

Беларускія памежнікі не пусцілі ў краіну экалагічную актывістку з Украіны



Беларускія памежнікі не пусцілі ў краіну экалагічную актывістку з Украіны Юлію Маклюк, якая ехала ў Мінск для ўдзелу ў міжнародным форуме валанцёраў і прыхільнікаў "На тваім баку", арганізатарам якога выступіла таварыства "Зялёная сетка".

Як паведамляе "Зялёны партал", Маклюк знялі з начнога цягніка Кіеў — Мінск.

"Звярталіся ветліва, прэтэнзій няма. Але прычыну адмовы не растлумачылі, толькі паставілі штамп у пашпарт "Уезд забаронены". Не ведаю, з чым гэта звязанае. Магчыма, з актывізмам, але сцвярджаць не магу", — расказала Маклюк.

На які тэрмін актывістцы забаронены ўезд у Беларусь, пагранічныя службы не паведамілі, прапанаваўшы звярнуцца з пісьмовым запытам ў міграцыйную службу, каб высветліць падрабязнасці і прычыны забароны.

Праваабаронца Наста Лойка мяркуе, што прычынай адмовы ва ўездзе ў Беларусь магла стаць Расія. "Цяжка даваць адназначныя ацэнкі, але мне здаецца, што гэта звязанае з аб`яднанай базай "непажаданых асобаў" у Беларусі і Расіі. У любым выпадку гэта павінны былі растлумачыць на мяжы. Неабходна рабіць дадатковыя запыты і апратэстоўваць такія дзеянні", — заявіла яна.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 9 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/539/45928
Текущая дата: 15.11.2024