Белорусский портал в Казахстане

Рэйтынг продажу выданняў на беларускай мове ад «Белкнігі»



У сістэме кнігарняў «Белкнігі» падведзены рэйтынг продажу выданняў на беларускай мове за студзень — лістапад.

Лідзіруе «Дзіцячы атлас Беларусі» — пазнавальная кніга выдавецтва «Мастацкая літаратура». У гэтай кнігі знайшлося 636 пакупнікоў па ўсёй краіне.

А што яшчэ найболей набывалі за гэты перыяд у болей як 100 «пунктах» «Белкнігі»? «Гэта Беларусь, дзетка!» — 493 асобнікі. А яшчэ — раман «Ноч» Віктара Марціновіча, зборнік «Беларускія казкі» і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, у рэйтынгу продажаў — чатыры кнігі У. Караткевіча: акрамя згаданай аповесці — «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Калі «Дзікага палявання караля Стаха» прададзена 288 экзэмпляраў, то раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» набылі ўсяго 42 пакупнікі.

Сярод кніг (у рэйтынг уключана 45 назваў з дыяпазонам продажаў ад 636 да 28 экзэмпляраў) дзіцячых пісьменнікаў у лідарах — гісторыка-краязнаўчая кніга Міколы Маляўкі «Спадчына, або каб не стаць манкуртам» (прадалі 157 асобнікаў) і зборнік вершаў Міколы Чарняўскага «Колькі ў сонейка сяброў!» (кнігу набылі 132 чалавекі). Такія ўжо зацікаўленні тых, хто не шкадуе свой рубель на набыццё кніг для сябе і для сваіх дзетак.

Аўтар: Сяргей Шычко
Звязда, 11 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/539/45996
Текущая дата: 15.11.2024