Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі з`явяцца новыя дарожныя знакі і дадатковая разметка на стаяначных месцах для вадзіцеляў-інвалідаў, стане больш франтальных дарожных агароджаў



Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення бяспекі і ўтрымання аўтамабільных дарог "БелдарНДІ" Сяргей Кабак.

З 1 студзеня ўступілі ў сілу змяненні ў СТБ 1300-2014 "Тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху".

Распрацоўшчыкі ўвялі новыя дарожныя знакі, у тым ліку якія рэгламентуюць рух на пешаходных і веласіпедных дарожках.

Акрамя таго, яны дабавілі знакі са схемай руху да пункта абслугоўвання сістэмы электроннага збору аплаты за праезд BelToll, паказальнікі напрамку да іх.

"Чакаецца павелічэнне колькасці электрамабіляў. Адпаведна з`явіліся дарожныя знакі, якія інфармуюць аб станцыях зарадкі і АЗС, сумешчаных з імі", - дадаў Сяргей Кабак.

З`явяцца таксама некаторыя новыя інфармацыйныя таблічкі.

Важныя змяненні закранулі ўстаноўку знака, які папярэджвае, што рух на ўчастку дарогі кантралюе камера з фотафіксацыяй.

"Прадугледжана абавязковае дубліраванне на раздзяляльнай паласе. Гэта было важнае пытанне, асабліва для МКАД, таму што ва ўмовах інтэнсіўнага транспартнага патоку не ўсе кіроўцы бачылі гэты знак", - растлумачыў спецыяліст.

Па тых жа прычынах будзе дубліравацца знак, які папярэджвае аб дарожных работах. У БелдарНДІ звярталіся прадстаўнікі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Па іх просьбе дапоўніцца разметка на стаяначных месцах для інвалідаў. Акрамя прывычнага знака штрыхамі, будзе абазначана прастора, якую можна будзе выкарыстоўваць, каб дастаць інвалідную каляску з машыны. Шэраг змяненняў унесены, каб знізіць урон ад ДТЗ, якія ўчыняюцца пры наездзе на тарцы дарожных агароджаў.

"У СТБ прадугледжана прымяненне франтальных дарожных агароджаў - спецыяльных канструкцый, дзякуючы якім транспартны сродак пры наездзе не атрымлівае крытычных пашкоджанняў, а кіроўца і пасажыры - сур`ёзных траўмаў, - растлумачыў спецыяліст. - У бліжэйшы час такія агароджы будуць масава ўкараняцца на дарогах". Удакладнены таксама правілы прымянення агароджаў у залежнасці ад складанасці дарожных умоў і іншых фактараў. Адрэгуляваны пытанні тарцовых элементаў. Іх цяпер неабходна адводзіць убок і заглыбляць. Упершыню распрацаваны патрабаванні да дарожных люстэркаў.

Унесеныя ў СТБ змяненні адпавядаюць тэхрэгламенту Мытнага саюза па бяспецы аўтамабільных дарог. Яны накіраваны на ўніфікацыю нацыянальных стандартаў на еўразійскай прасторы.

4 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/539/46427
Текущая дата: 27.12.2024