Белорусский портал в Казахстане

Мінскі таксіст дапамог затрымаць мужчыну, які забіраў наркотыкі са схованак



У Мінску таксіст дапамог затрымаць мужчыну, які забіраў наркотыкі па розных адрасах.

Як паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, раніцай у аператыўна-дзяжурную службу Першамайскага РУУС паступіла паведамленне ад кіроўцы таксі, які выказаў падазрэнне адносна свайго пасажыра. Таксіст адзначыў, што мужчына падобны на наркамана, ездзіў па некалькіх адрасах, паводзіў сябе падазрона.

Ён паведаміў праваахоўнікам наступны адрас, на які павязе пасажыра. Супрацоўнікі наркакантролю выбылі на гэты адрас. Мужчына быў затрыманы ля дома на вуліцы Калініна. У яго было знойдзенае і канфіскаванае спрасаванае рэчыва карычневага колеру і белае парашкападобнае рэчыва.

Згодна з заключэннем экспертаў, канфіскаванае спрасаванае рэчыва карычневага колеру з`яўляецца гашышам, а парашкападобнае рэчыва змяшчае амфетамін (фенамін).

Затрыманы — 26-гадовы мінчанін, які працуе арганізатарам канцэртаў у адным са сталічных клубаў. Падазроны растлумачыў, што набыў забароненыя рэчывы праз інтэрнэт-краму, а потым забіраў іх у закладках. Раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў.

У дачыненні да затрыманага распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/542/45889
Текущая дата: 15.11.2024