Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 снежня на нарадзе з прадстаўнікамі Мінгарвыканкама і Мінгарсавета.
"Гэта не капрыз, а ўмова камфортнага жыцця людзей, — падкрэсліў ён. — Шчыльнасць насельніцтва ў Мінску і так вышэйшая, чым у Варшаве, Берліне, Кіеве, Рызе, Вільнюсе і іншых сталіцах. Праблему перанасялення можна вырашыць толькі ў звязцы з пытаннямі эканамічнага развіцця горада".
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка звярнуў увагу на асаблівы статус Мінска, які з`яўляецца палітычным, эканамічным, культурным цэнтрам краіны, найважнейшым транспартным вузлом. Тут пражывае пятая частка насельніцтва Беларусі — амаль 2 млн чалавек, а па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінску належыць ад чвэрці (валавы ўнутраны прадукт) да 80% (прамыя замежныя інвестыцыі) агульнарэспубліканскіх значэнняў.
"Калі да сярэдзіны 2000-х мы аднаўлялі горад пасля развалу СССР, то затым Мінск выйшаў на сваю траекторыю развіцця, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — За дзве з паловай пяцігодкі насельніцтва прырастае па 16-17 тыс. чалавек за год, і па колькасці мы практычна дасягнулі разумную мяжу. Я не аднойчы пра гэта казаў. Было сказана дакладна і пэўна: хопіць, такімі тэмпамі Мінск развівацца ў плане насельніцтва не можа".
Паводле слоў Лукашэнкі, за восем гадоў эканоміка горада прырасла крыху больш чым на 20%, аднак гэта не можа быць падставай для гонару. "З аднаго боку, валавы рэгіянальны прадукт сталіцы на 70% фарміруецца ў сферы паслуг, гандлі і фінансах. З іншага — ён пакуль яшчэ рэсурсаёмісты, а прамысловыя прадпрыемствы адстаюць ад патрабаванняў сучаснага рынку і экалагічных нормаў. Сярэдні паказчык рэнтабельнасці не здольны дасягнуць двухзначнай лічбы і вагаецца каля яе", — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў пра неабходнасць распрацаваць і заканадаўча замацаваць планы па развіцці прыгарадных земляў сталіцы. У гэтых планах варта вызначыць функцыянальнае прызначэнне тэрыторый з добрым занаваннем і ўлікам інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Паводле слоў Лукашэнкі, варта ўвязаць планы развіцця дзвюх адміністрацыйных адзінак, горада і вобласці. "Пакуль у дадзеным пытанні шмат бессістэмнасці і, я б нават сказаў, хаатычнасці", — адзначыў ён.
"Гаворачы пра эканоміку, як правіла, я выкарыстоўваю тэрмін "апераджальнае развіццё". Бо тут усё, як у спорце: калі бяжыш павольней, чым іншыя, значыць, адстанеш. Такі ж вобраз выкарыстоўваецца і ў дачыненні і да развіцця Мінска ў параўнанні з іншымі буйнымі гарадамі свету", — дадаў Лукашэнка.
Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 20 снежня 2018
Мінск, 20 снежня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/544/46110
Текущая дата: 26.12.2024