Белорусский портал в Казахстане

Вынесены прысуд былому галоўнаму архітэктару Магілёва



Былы чыноўнік абвінавачваўся ў халатных адносінах да сваёй справы.

Нагадаем, што 1 лістапада мінулага года на дзяцей 10 і 9 гадоў, якія гулялі ў закінутым доме па вуліцы Загарадная шаша ў Магілёве, абрынулася пліта перакрыцця. Адзін з хлопчыкаў загінуў на месцы, другі памёр у рэанімацыі праз некалькі дзён пасля трагедыі.

Першапачаткова абвінавачанне было прад`яўлена 43-гадоваму мужчыну, які будаваў гэты дом самавольна. Але злачынства ў яго дзеяннях знойдзена не было. І тады пад следства трапіў былы галоўны архітэктар Магілёва. Лічыцца, што ён ведаў пра небяспечны недабуд, але не пракантраляваў яго знос.

Падсудны прызнаны вінаватым у неналежным і нядобрасумленным выкананні сваіх службовых абавязкаў, што пацягнула за сабой смерць людзей.

Суд Ленінскага раёна Магілёва прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2,5 года з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення і пазбавіў права займаць дзяржпасады, звязаныя з арганізацыйна-размеркавальнымі абавязкамі і выкананнем юрыдычна значных дзеянняў на тэрмін 5 гадоў. Сем`ям, якія пазбавіліся дзяцей, Магілёўскі гарвыканкам павінен выплаціць па 40 тысяч рублёў кожнай за маральную страту.

Начальнік аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Сяргей Мінаў адзначыў, што суд цалкам пагадзіўся з дзяржаўным абвінавачаннем:

— Былы чыноўнік Магілёўскага гарвыканкама абвінавачваўся па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса. І нашы доказы яго віны суд прызнаў справядлівымі. Адбываць пакаранне абвінавачаны будзе ва ўмовах пасялення, паколькі злачынства зроблена па неасцярожнасці.

Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 21 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/544/46140
Текущая дата: 26.12.2024