На канец лістапада доля жанчын сярод беспрацоўных склала 37,5 %. Сёння па дапамогу ў цэнтры занятасці больш звяртаюцца мужчыны.
— З 2016 года дзейнічае дзяржаўная праграма па сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва, прынятая на пяць гадоў, — адзначыў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун. — У ёй прадугледжаны праграмы, скіраваныя на забеспячэнне занятасці жанчын. Сярод іх — прафарыентацыйныя мерапрыемствы і прафесійнае навучанне.
Службы занятасці навучаюць жанчын больш як па ста прафесіях, з іх 20 % — інтэграваныя (засвойванне дзвюх-трох спецыяльнасцяў адначасова). Жанчыны, якія даглядаюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў, маюць такое ж права на адукацыю, як і беспрацоўныя. З іх ужо больш за 80 атрымалі новую спецыяльнасць.
Самазанятасць стымулююць шляхам выдзялення субсідый. За дзевяць месяцаў іх атрымала 561 жанчына: 461 арганізавала ІП, 97 займаюцца рамесніцкай дзейнасцю, тры — занятыя ў сферы агратурызму. 366 жанчын прайшлі папярэдняе навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці.
Акрамя міністэрства, занятасцю жанчын займаецца і ПРААН. Аднак не мэтанакіравана, а ў межах агульных праектаў: галоўная задача арганізацыі — забеспячэнне гендарнай роўнасці.
— Пры падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі мы пачалі даследчую ініцыятыву, якая скіравана на вывучэнне новых падыходаў у павышэнні жаночай занятасці і развіцці жаночага прадпрымальніцтва, — расказаў каардынатар праектаў ПРААН у Беларусі Кірыл Сцежкін. — На аснове даследаванняў брытанскай кампаніі, якая займаецца аналізам паводзін, вынаходзім дробныя праблемы, стэрэатыпы, якія перашкаджаюць у прафесіі. Так, па іх даных, жанчыны радзей займаюцца бізнесам, таму што менш схільныя рызыкаваць. Ім складаней уладкавацца на работу, бо пры праглядзе вакансій хочуць дакладна адпавядаць усім патрабаванням наймальніка.
Існуе і праблема, калі пры роўных умовах у мужчын больш шанцаў атрымаць крэдыт, чым у жанчын. А таксама ўсё яшчэ захоўваецца разрыў у заработнай плаце паміж імі. Гэтымі пытаннямі праз аналіз паводзін і збіраецца заняцца арганізацыя ў найбліжэйшыя гады.
У сферы занятасці і самазанятасці ў малых гарадах пачаў ажыццяўляцца сумесны праект ПРААН з Міністэрствам эканомікі пры падтрымцы Расіі. У яго рамках вядзецца работа з прадпрымальніцкімі ініцыятывамі ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Адметна, што нядаўна ПРААН і Міністэрства эканомікі падпісалі праектны дакумент «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Праграмай развіцця ААН, бюджэт складае каля 10 мільёнаў долараў. Адной з задач дадзенага праекта з`яўляецца стымуляванне жанчын займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Аўтар: Юлія Адамовіч
Звязда, 21 снежня 2018
Звязда, 21 снежня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/544/46174
Текущая дата: 26.12.2024