Белорусский портал в Казахстане

Буйнейшыя еўрапейскія кінашколы прымуць удзел у "Лістападзе"



Буйнейшыя еўрапейскія кінашколы прымуць удзел у конкурснай праграме XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", паведаміла дырэктар праграм негульнявога кіно форуму Ірына Дзям`янава.

"На гэты раз у конкурсе нацыянальных кінашкол фестывалю прымуць удзел 13 буйнейшых еўрапейскіх кінематаграфічных навучальных устаноў. Сярод іх знакамітая пражская FAMU, мадрыдская школа кіно і аўдыявізуальных мастацтваў ECAM, мабільная кінашкола DocNomads, якая працуе ў Бельгіі, Партугаліі і Венгрыі. У гэтым годзе конкурс кінашкол мы задумалі як вялікі майстар-клас і студэнцкую тусоўку, таму што ў кіно вялікую каштоўнасць маюць прафесійныя сувязі, напрацаваныя ў студэнцкія гады. Важна, каб маладыя людзі, у першую чаргу студэнты кінематаграфічных ВНУ, знаёміліся, размаўлялі і вучыліся адзін у аднаго", - сказала Ірына Дзям`янава. 

У час конкурсу нацыянальных кінашкол пакажуць дыпломныя работы і стужкі студэнтаў малодшых курсаў. 

"Адкрые конкурс па традыцыі беларуская работа, у гэтым годзе - студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алёны Буяковай "Адзін дзень з жыцця Алеся і Алесі". Мы спадзяёмся, што гэты конкурс будзе не толькі цікавым, але і карысным", - падкрэсліла дырэктар праграм негульнявога кіно. 

XXV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе ў беларускай сталіцы з 2 па 9 лістапада пад слоганам "Пазнаваючы белы свет" і будзе прысвечаны вядомаму рэжысёру Кіры Муратавай. 

Асноўнымі пляцоўкамі форуму ў гэтым годзе стануць кінатэатры "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Масква", "Беларусь", Falcon Club Буцік Кіно і Музей гісторыі беларускага кіно. Адкрые фестываль стужка польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага "Халодная вайна". Заснавальнікі кінафестывалю - Міністэрства культуры Беларусі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

17 кастрычніка 2018, Мінск
БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/550/45406
Текущая дата: 15.11.2024