Белорусский портал в Казахстане

Помнік паэту Нілу Гілевічу будзе адкрыты 23 лістапада на яго магіле



На магіле народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча на Кальварыйскіх могілках у Мінску 23 лістапада адбудзецца адкрыццё помніка, паведамляе прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП).

Аўтарам помніка стаў беларускі скульптар Ігар Засімовіч.

Афіцыйная цырымонія пачнецца ў 13.00. СБП запрашае на яе блізкіх Гілевіча, яго сяброў, калег і прыхільнікаў, каб ушанаваць памяць паэта.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям`і.

Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н.К.Крупскай (1951), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956) і аспірантуру пры ім. У 1951 годзе працаваў настаўнікам у адной са школ Мінска, у 1960—1986-я гады — на кафедры беларускай літаратуры БДУ.

У розныя гады Гілевіч быў літаратурным кансультантам газеты "Звязда", першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР, старшынёй "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", галоўным рэдактарам бюлетэня гэтай арганізацыі "Наша слова". Ён быў адным з асноўных стваральнікаў Закона аб мовах, які надаў дзяржаўны статус беларускай мове і спрыяў працэсу беларусізацыі ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця краіны ў першай палове 1990-х гадоў.

Дэпутат Вярхоўнага савета XI і XII скліканняў (1985—1995), старшыня камітэта па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны ў 1990—1995-я гады, член прэзідыума Вярхоўнага савета Беларускай ССР.

Ніл Гілевіч — заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1980), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Янкі Купалы (1980), лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986), кандыдат філалагічных навук, прафесар, член Саюза пісьменнікаў СССР (1954).

Пасля змены палітычнага курсу ў другой палове 1990-х Гілевіч актыўна выступаў у абарону беларускай мовы і культуры ў незалежным друку, быў пастаянным аўтарам часопіса "Дзеяслоў", газет "Народная воля" і "Літаратурная Беларусь". На сваю пенсію, без дапамогі дзяржавы, выдаў 23 тамы сваіх твораў, апошні том выйшаў у 2013 годзе.

Ніл Гілевіч быў апошнім народным паэтам Беларусі. Гэтае званне прысуджаецца за асаблівы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і стварэнне выдатных твораў. У розны час яго былі ўдастоеныя Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін.

Народны паэт Беларусі памёр 29 сакавіка 2016 года ў Мінску пасля цяжкай хваробы.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 20 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/551/45713
Текущая дата: 26.12.2024