29 верасня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу пры касцёле св. Францішка ў вёсцы Копішча (Бараўлянскі сельсавет), што пад Мінскам (Новая Баравая).
Маладой парафіяльнай супольнасцю ў вялікім новым жылым масіве духоўна апякуюцца браты капуцыны, якія вядуць тут будаўніцтва касцёла ў гонар святога Бедняка з Асізі.
Цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы з асвячэннем капліцы, падчас якой шматлікія вернікі і іх духоўныя пастыры маліліся праз заступніцтва св. Францішка, апекуна парафіі, узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Напачатку іерарх прывітаў парафіянаў «у сябе», маючы на ўвазе, што нарэшце маладая, але ўжо немалая супольнасць «спальнага» мікрараёна пад Мінскам мае ўласнае месца культу.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў гісторыю жыцця святога Бедняка з Асізі, асаблівую ўвагу звярнуўшы на скіраваны да маладога Францішка заклік Пана адбудаваць Ягоны Касцёл. Успрыняўшы гэты заклік літаральна, юнак сваімі рукамі пачаў аднаўляць невялікі касцёльчык у родным мястэчку — Парцыюнкулу.
«Аднаўляючы гэты касцёл ён зразумеў, што матэрыяльныя каштоўнасці нічога не значаць у параўнанні з духоўнымі, таму адрокся ад бацькавай маёмасці і імкнуўся ва ўсім прыпадобніцца да Хрыста», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што пазней святы адбудоўваў Касцёл, заклікаючы бліжніх да навяртання, дзеля чаго і заснаваў супольнасць братоў, якая пазней аформілася ў манаскі ордэн францішканаў, адной з галін якога з’яўляюцца капуцыны.
Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што сёння св. Францішак з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых Каталіцкага Касцёла, а цяперашні Папа Рымскі таксама абраў сабе імя Францішак і ў сваім служэнні стараецца быць да яго падобным.
Пераходзячы ад часоў святога Францішка да нашых дзён, арцыпастыр нагадаў пра тое, што ў нашай краіне ваяўнічы атэізм доўгія гады знішчаў Касцёл.
«Калі чвэрць стагоддзя таму мы атрымалі свабоду веравызнання, з’явілася неабходнасць аднаўлення Касцёла. Неабходна было адбудоўваць канфіскаваныя і разбураныя касцёлы, будаваць новыя. Перадусім трэба было будаваць жывы Касцёл з душаў людскіх. Браты капуцыны адны з першых працягнулі руку дапамогі. Верныя харызме свайго заснавальніка, святога Францішка, яны рамантуюць старыя і будуюць новыя касцёлы ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: тут, у Маладзечне, у Смалявічах, а таксама ў іншых дыяцэзіях нашай краіны», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Кажучы пра будаўніцтва касцёла ў Копішчы, ён узгадаў, што яшчэ нядаўна тут была пустка, а сёння кіпіць будоўля і ўжо здалёк відаць купал святыні.
«З кожным днём расце цэлы комплекс, які складаецца з касцёла, капліцы, памяшканняў для катэхізацыі, іншай парафіяльнай дзейнасці і кляштара. Для завяршэння будаўніцтва патрэбны час і сродкі. Заклікаю вернікаў актыўна далучацца і дапамагць, хто чым можа», — звярнуўся да прысутных іерарх.
Ён таксама адзначыў, што пасля благаслаўлення новазбудаваная капліца — гэта ўжо не проста сцены, а дом Божы, месца сустрэчы чалавека з Богам, што адбываецца праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і служэнне міласэрнасці.
«Бог ніколі не пакідае чалавека аднаго і дапамагае яму праз служэнне Касцёла. Сёння Ён прыходзіць з такой дапамогай у сакрамэнце канфірмацыі, каб умацаваць нашыя духоўныя сілы. <…> У гэтай капліцы мы сустрэнем Бога, які нас духоўна ўмацоўвае і дае новую надзею. Нашае заданне — несці Яго ў сучасны свет: заданне нялёгкае, але з Божай дапамогай магчымае», — сказаў арцыбіскуп.
Ён падкрэсліў, што Касцёл XXI стагоддзя мае патрэбу ў аднаўленні, як гэта было і ў часы святога Францішка.
«Аднаўленне Касцёла — гэта заданне не толькі Папы, біскупаў, святароў і манахаў, але таксама і свецкіх вернікаў. Усе мы павінны па прыкладу св. Францішка прымаць у гэтым удзел», — сцвердзіў на заканчэнне арцыпастыр, звяртаючыся ў малітве да святога Бедняка з Асізі і просячы яго заступніцтва ў справе апостальства і міласэрнай любові, «каб свет пазнаў Хрыста і меў у Ім надзею, як да гэтага заклікаў папа Францішак падчас свайго нядаўняга візіту ў Літву».
«Аднаўленне Касцёла — гэта заданне не толькі Папы, біскупаў, святароў і манахаў, але таксама і свецкіх вернікаў. Усе мы павінны па прыкладу св. Францішка прымаць у гэтым удзел», — сцвердзіў на заканчэнне арцыпастыр, звяртаючыся ў малітве да святога Бедняка з Асізі і просячы яго заступніцтва ў справе апостальства і міласэрнай любові, «каб свет пазнаў Хрыста і меў у Ім надзею, як да гэтага заклікаў папа Францішак падчас свайго нядаўняга візіту ў Літву».
Пасля гэтага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у новаасвячанай капліцы удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў, якія адпаведным чынам падрыхтаваліся да прыняцця гэтага сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
Catholic.by, 29 верасня 2018
Catholic.by, 29 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/554/45139
Текущая дата: 16.11.2024