На выставе, прысвечанай падзеям на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы Першай сусветнай вайны, можна ўбачыць фотаздымкі і рэліквіі са збору Нацыянальнай бібліятэкі і прыватнай калекцыі.
Выстава "Беларусь у Вялікай вайне" адкрылася напярэдадні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Вялікая вайна
Выстава, на якой прадстаўлены больш за 350 аб`ектаў, з`яўляецца вынікам і падсумаваннем доўгай працы, якая пачалася чатыры гады таму з нагоды круглай даты пачатка Першай сусветнай вайны. Тады Нацыянальная бібліятэка зрабіла электронны праект, прысвечаны яе падзеям.
У экспазіцыі можна ўбачыць кнігі і дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама фотаздымкі і артэфакты з прыватнага збору беларускага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.
Назву выставы можна патлумачыць адразу з двух пунктаў гледжання. Па-першае, вайну 1914-1918 гадоў, пакуль яна ішла, называлі па-рознаму, і еўрапейскі варыянт – Вялікая вайна. У Расійскай імперыі яе называлі Другой Айчыннай, праводзячы паралель з падзеямі 1812 года. Першай сусветнай гэту вайну пачалі называць толькі тады, калі пачалася Другая сусветная вайна.
Па-другое, на падзеі Першай сусветнай вайны на гэтай выставе можна зірнуць менавіта з боку беларусаў.
"Мы пастараліся паглядзець на гэтую вайну праз друкаваныя крыніцы, паштоўкі, лісты, усё тое, што было летапісам тых падзей", - гаворыць Анатоль Сцебурака.
Пачатак нацыянальнага адраджэння
Першая частка выставы складаецца з выданняў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта тыя часопісы, якія абвясцілі пра пачатак вайны, афіцыйныя выданні, якія адлюстроўвалі падзеі на фронце.
Асобна вылучана частка, прысвечаная мастацкай літаратуры - беларускім пісьменнікам, якія ў сваіх творах перадалі жах тых часоў. Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля – усе яны ў той час знаходзіліся ў Беларусі і так ці інакш былі звязаныя з падзеямі вайны.
"Да Першай сусветнай вайны ў Беларусі, нягледзячы на пэўную лібералізацыю, усё роўна нельга было стварыць паўнавартаснай беларускай школы. І вось на акупаванай немцамі тэрыторыі, Обер-Ост, з 1915 года пачалі з`яўляцца навучальныя ўстановы", - распавядае Анатоль Сцебурака.
У іх не хапала літаральна ўсяго - не было ні настаўнікаў, ні падручнікаў. Першыя кнігі ва ўкладанні Антона Луцкевіча былі выдадзеныя ў Вільні, там жа з`явіліся настаўніцкія курсы. Гэты час, нягледзячы на вайну, можна назваць пачаткам нацыянальнага адраджэння ў Беларусі.
"На старонках газеты "Гоман", адзінай газеты на беларускай мове, якая выходзіла падчас акупацыі ў Вільні лацініцай і кірыліцай, асвятляліся сур`ёзныя працэсы, звязаныя са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці", - расказвае Анатоль Сцебурака.
Так, у нумарах за кастрычнік і лістапад паведамляецца, якія загады робіць сакрэтарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама што з`явіўся беларускі консул у Адэсе. Ім быў Сцяпан Некрашэвіч, чалавек, які пасля стане адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Інбелкульта.
Унікальныя экспанаты
Вельмі значнае месца ў друкаванай прадукцыі часоў вайны займала прапаганда. На выставе можна ўбачыць прылады нямецкай і італьянскай вытворчасці, з дапамогай якіх рабіліся ўлёткі, а таксама паходнае крэсла афіцэра нямецкай арміі, на якім падчас працы на станку сядзеў наборшчык.
Таксама ў вітрынах прадстаўленыя пісьмовыя прыналежнасці, якія належылі вышэйшаму афіцэрскаму саставу, і прыклады прыватнай перапіскі – ва ўсіх адлюстраваны беларускія сюжэты.
"Рэлікварый складаецца з трох частак, на ім адлюстравана адна з найбуйнейшых каталіцкіх святынь – санктуарый у Лурдзе, на поўдні Францыі", - расказвае Анатоль Сцебурака.
Манаграмы на рэлікварыі гавораць аб тым, што ён быў зроблены яшчэ ў ХІХ стагоддзі: герб Папы Рымскага Пія ІХ і манаграма "NDL" – Нотр Дам дэ Лурд.
Дзіўныя фатаздымкі ў дакументах
Беларусь, падзеленая лініяй фронту, патрабавала сістэмы кантролю, таму асобнае месца ў экспазіцыі належыць пасведчанням асобы. Яны рабіліся на дзвюх мовах: рускай і нямецкай.
"Вы ведаеце, чаму такі дзіўны вузкі фотаздымак у дакуменце? Фотаздымкі былі дарагімі, таму на лаву саджалі адразу шмат людзей, а потым разразалі фота", - тлумачыць цікавую асаблівасць Анатоль Сцебурака.
На фотаздымках у цэнтральных вітрынах можна ўбачыць паўсядзённае жыццё сялян, кадры падманліва мірныя. На адным са здымкаў нямецкія салдаты катаюць беларускіх дзетак у калясцы.
"Да Першай сусветнай наша беларуская вёска была яшчэ некранутая, захоўвала традыцыі. З пачаткам калектывізацыі ўсё гэта знікне, а вось нямецкія салдаты на Палессі заспелі традыцыйную беларускую культуру", - расказвае Анатоль Сцебурака.
Такая праблема з бежанцамі Еўропе і не снілася
На апошніх стэндах - падзеі Усходняга фронта. Перамір`е ў Камп`ене было падпісана 11 лістапада 1918 года, але на Усходзе перамовы аб міры пачаліся раней, на гэта паўплывалі падзеі рэвалюцыі 1917 года і абяцанні бальшавікоў – яны казалі, што трэба завяршаць вайну.
"Што прынёс гэты мір Беларусі? Безумоўна, гэта вельмі ганебны і цяжкі падзел нашай тэрыторыі, бальшавікі расплаціліся нашай зямлёй, каб выйсці з вайны, але, тым не меньш, значнасць гэтай падзеі мы зменшыць не можам", - падводзіць вынік Анатоль Сцебурака.
Для еўрапейскай свядомасці самай пацярпелай ад вайны краінай з`яўляецца Бельгія, якая фактычна засталася цалкам знішчаная. Але навуковец сцвярджае, што па разбурэннях Беларусь калі не пераўзыходзіць яе, то знаходзіцца вельмі блізка.
"Зараз у Еўропе ў трэндзе праблема бежанцаў - беларусы з ёю сутыкнуліся менавіта ў гэтую вайну. Лічба фантастычная: ад 1,5 да 2,2 мільёна чалавек. Ніколі ні да гэтага, ні пасля столькі беларусаў не пакідала бацькаўшчыну", - распавядае Анатоль Сцебурака.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны людзі не паспелі выехаць з Беларусі з-за бліцкрыгу, а Першая сусветная вайна ішла паступова, таму ў беларусаў быў час на бежанства, вымушаную эміграцыю.
"Расійская Імперыя вычашчала тэрыторыю каля фронта, трэба было з патрыятычных пачуццяў усё забраць, астатняе знішчыць і ехаць на Усход. Ад Брэста на Кобрын і далей на Усход сотні тысяч чалавек жылі пад адкрытым небам. Гэта была гуманітарная катастрофа, якую немагчыма параўнаць нават з тым, што зараз адбываецца ў Еўропе", - кажа навуковец.
Вырашаць гэту праблему спрабавалі гуманітарныя арганізацыі, такія як Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны і Чырвоны Крыж, але гэта было слабым суцяшэннем. На жаль для нас, значная колькасць тых бежанцаў не вярнуліся пасля на Радзіму.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/554/45536
Текущая дата: 25.12.2024