Белорусский портал в Казахстане

Беларусь пачала рэалізацыю сумесна з ЕС праекта па барацьбе з нелегальнай міграцыяй



Пра гэта паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

"З гэтага года мы пачалі рэалізоўваць вялікі трохбаковы праект паміж ЕС, Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі і Беларуссю па прадухіленні росту нелегальнай міграцыі, аказанні тэхнічнай, кансультацыйнай і арганізацыйнай дапамогі кампетэнтным органам, якія змагаюцца з гэтай з`явай", - адзначыў Аляксей Бягун.

Паводле яго слоў, праект разлічаны на 7 млн еўра. "На працягу чатырох гадоў будзем павялічваць тэхнічны патэнцыял органаў унутраных спраў і пагранічнай службы, умацоўваць дзяржаўную граніцу, навучаць персанал, мадэрнізаваць месцы для ўтрымання нелегальных мігрантаў. Правядзём комплекс навучальных мерапрыемстваў, у тым ліку будзем удасканальваць нацыянальнае заканадаўства", - удакладніў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне Беларусі ў вырашэнні пытанняў, звязаных з узрастаючым патокам нелегальных мігрантаў" таксама прадугледжвае стварэнне цэнтраў часовага ўтрымання замежных грамадзян.

Міжнародная тэхнічная дапамога пад рэалізацыю названага праекта будзе прадастаўлена Еўрапейскім саюзам праз прадстаўніцтва МАМ у Беларусі. Партнёрамі МУС выступяць ДПК, МЗС, прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі, а таксама асобныя беларускія грамадскія аб`яднанні, якія займаюцца пытаннямі аказання дапамогі найбольш неабароненым катэгорыям мігрантаў.

24 верасня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/556/45024
Текущая дата: 16.11.2024