Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай



"Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай", — заявіў Аляксандра Лукашэнка 24 верасня на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Станіславам Засем і старшынёй Дзяржпагранкамітэта Анатолем Лапо.

"Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба .

"Вось цяпер міністр (міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.) дакладваў мне. Яны затрымалі чалавека, у якога арсенал: кулямёты, дзясятак аўтаматаў, два дзясяткі вінтовак, дзесяць тысяч патронаў і гэтак далей, і гэтак далей", — распавёў Лукашэнка.

"Калекцыянуюць? Так баявая ж уся зброя. Вось калекцыянеры... Адкуль усё гэта? Паглядзелі — у войску нашым усё на месцы. Завезлі. Таму вырашана ўсталяваць мяжу з Украінай. Патрэбная там колькасць (памежнікаў) — патрэбная. Давайце паглядзім. Але не кагалам — туды сотню, туды тысячу, а па адным чалавеку, куды трэба. Без усялякіх начальнікаў. Начальнікаў павінна быць па мінімуме", — дадаў беларускі кіраўнік.

11 верасня МУС паведаміў, што пры затрыманні ў аграгарадку Краснае (Гомельскі раён) у аўтамабілі жыхара Гарадзеі былі знойдзеныя "цюнінгаваны аўтамат Калашнікава з прыстасаваннем для бясшумнай стральбы, пісталеты Макарава і ТТ, па некалькі падрыхтаваных магазінаў да пералічанай зброі, вінтоўка неўсталяванай мадэлі, 4 ручныя гранаты, 3 узрыўпакеты і сотні патронаў рознага калібру".

Пры правядзенні вобшуку ў кватэры, гаражы і службовым кабінеце затрыманага таксама знойдзеная зброя. У прыватнасці, канфіскаваныя зарэгістраваныя два наразныя карабіны, чатыры гладкаствольныя стрэльбы і два пісталеты, а таксама незаконна захоўваныя кулямёт, пяць аўтаматаў, 10 вінтовак, 10 пісталетаў, 28 гранат, 265 выбуховых прылад, каля 2 кг выбуховых рэчываў і каля 10 тысяч патронаў рознага калібру.

Па гэтым факце Гомельскім раённым аддзелам Следчага камітэта 8 верасня была распачатая справа па ч. 2 арт. 295 КК Беларусі (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Затрыманы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама.

Паводле інфармацыі СМІ, гаворка ідзе пра начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбіната.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/556/45048
Текущая дата: 16.11.2024