Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўпершыню пакажуць біблійныя скруткі Мёртвага мора



З 20 верасня па 21 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будзе дзейнічаць міжнародная выстава «Беларусь і Біблія», прысвечаная самай вядомай і ўплывовай кнізе ў гісторыі чалавецтва.

Будуць дэманстравацца каля 200 унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнай культуры, што адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі.

Частка экспанатаў прадстаўлена з 11 дзяржаўных і прыватных калекцый ЗША, Вялікабрытаніі і Ізраіля.

Упершыню ў Беларусі будуць дэманстравацца арыгіналы і якасныя выставачныя копіі скруткаў Мёртвага мора, біблейскіх рукапісных тэкстаў на папірусе і пергамене (Торы), каштоўных манускрыптаў, старадрукаваных выданняў (кнігі Ёгана Гутэнберга, Марціна Лютэра, Францішка Скарыны), ілюстраваных асобнікаў Бібліі (сярод якіх кнігі з гравюрамі Альбрэхта Дзюрэра, Гюстава Дарэ, Сальвадора Далі).

На выставе можна будзе ўбачыць выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету — і ўсё гэта помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Адзін з тэматычных раздзелаў выставы будзе прысвечаны гісторыі Бібліі на беларускіх землях. Дасягненні айчыннай кніжна-пісьмовай культуры будуць паказаны як неад’емная частка агульнасусветнай культуры і духоўнай спадчыны. Кніжны фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дазволіць прадэманстраваць рукапісныя Торы, Евангеллі, Апосталы XVІ–XXІ стст., выданні беларускага першадрукара Францішка Скарыны і яго паслядоўнікаў, шэдэўры выдавецкага мастацтва знакамітых друкароў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Святога Пісання лепшымі майстрамі XVІ–XXІ стст.

Арганізатары выставы — Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Група доследу рукапісаў (ЗША)

На выставе будзе дзейнічаць шматфункцыйная інтэрактыўная пляцоўка з дзеючым друкавальным варштатам і мультымедыйным абсталяваннем, арыентаваным на дзяцей.

Catholic.by, 31 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/561/44803
Текущая дата: 16.11.2024