Белорусский портал в Казахстане

У Гродне і Навагрудку ўшануюць благаслаўлёных назарэтанак — мучаніц Другой сусветнай вайны



Урачыстае ўнясенне рэліквій адбудзецца падчас св. Імшы а 12-й гадзіне ў рэктаральным (пабрыгіцкім) касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (г. Гродна, вул. Маладзёжная, 2).

2 верасня рэліквіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц будуць урачыста ўнесены ў рэктаральны (пабрыгіцкі) касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне, а ў дзень іх літургічнага ўспаміну 4 верасня на месцы мучаніцтва пад Навагрудкам будзе благаслаўлёны новы крыж.

Літургічны ўспамін благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц урачыста адзначаць 4 верасня у Навагрудку.

Там адбудзецца благаслаўленне новага крыжа на месцы, дзе 75 гадоў таму былі расстраляны назарэтанкі, а таксама св. Імша ў «белай Фары», дзе яны збіраліся на малітву, і якая, стаўшы месцам іх вечнага спачыну, сёлета была абвешчана санктуарыем.

Праграма ўрачыстасцi

17.00 — благаслаўленне новага крыжа ў Батароўскім лесе на месцы расстрэлу назарэтанак мучаніц
18.00 — св. Імша ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка (касцёл Перамянення Пана, г. Навагрудак, вул. 1 Мая, 16)
Урачыстасці, падчас якіх можна будзе ўшанаваць рэліквіі мучаніц, узначаліць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

11 законніц з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прысуджаных да расстрэлу. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на прымусовыя працы ў Германіі. Усе вывезеныя перажылі вайну. Назарэтанкі былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.

Галоўныя юбілейныя ўрачыстасці на ўшанаванне 75-й гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка прайшлі 28–29 ліпеня.

Catholic.by, 31 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/561/44804
Текущая дата: 16.11.2024