Палата прадстаўнікоў 5 кастрычніка дала згоду на прызначэнне Сяргея Румаса прэм`ер-міністрам. За яго прагаласавала 105 са 106 дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.
Прадстаўляючы Сяргея Румаса, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава адзначыла, што прыярытэтам кадравай палітыкі дзяржавы з`яўляецца фармаванне "эфектыўнага апарата", здольнага забяспечыць устойлівае развіццё краіны.
Зыходзячы з гэтага, адзначыла яна, Лукашэнка і прымаў рашэнне аб прызначэнні новага кіраўніка ўрада.
Нагадаем, 18 жніўня Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада, у прыватнасці замест Андрэя Кабякова прэм`ер-міністрам Беларусі стаў Сяргей Румас, які да гэтага часу ўзначальваў Банк развіцця.
Румас нарадзіўся 1 снежня 1969 года ў Гомелі. У 1990 годзе скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае вучылішча па спецыяльнасці "фінансавае забеспячэнне войскаў", у 1995 годзе — Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў Беларусі па спецыяльнасці "арганізацыя і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю". Кандыдат эканамічных навук. Прафесійны банкір. Працаваў у сістэме Дзяржбанка СССР, затым у камерцыйных банках, пакуль не перайшоў у "Беларусбанк".
22 верасня 2005 года Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Румаса старшынёй праўлення ААТ "Белаграпрамбанк". У 2010—2012 гадах быў намеснікам прэм`ер-міністра, са жніўня 2012 года — старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 5 кастрычніка 2018
Мінск, 5 кастрычніка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/561/45249
Текущая дата: 26.12.2024