Белорусский портал в Казахстане

Акцыя "Чысты лес" пройдзе ў Беларусі 20 кастрычніка



Акцыя "Чысты лес" пройдзе ў Беларусі 20 кастрычніка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамілі ў прэс-службе Мінлясгаса.

Асноўная мэта добраахвотнай акцыі - прыцягненне ўвагі да неабходнасці беражлівага стаўлення да галоўнага прыроднага рэсурсу краіны - лесу.

"Арганізацыі сістэмы Мінлясгаса штогод накіроўваюць значныя сілы і сродкі на навядзенне парадку ў лясным фондзе. Разам з тым праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адходаў, іншых пабочных прадметаў у лясах, прылеглых да аўтамабільных дарог і чыгунак, вакол населеных пунктаў, садоўніцкіх таварыстваў і дачных кааператываў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках па-ранейшаму застаецца актуальнай. У сувязі з гэтым міністэрства заклікае ўсіх неабыякавых жыхароў нашай краіны аб`яднаць намаганні і ўнесці лепту ў навядзенне парадку - добраўпарадкаваць прылеглую да сваіх населеных пунктаў тэрыторыю ляснога фонду", - адзначылі ў прэс-службе.

Стаць удзельнікам акцыі зможа любы жадаючы. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні дапамагчы ў навядзенні парадку ў лесе. Арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі забяспечаць усіх удзельнікаў мерапрыемства неабходным інвентаром.

Акцыя "Чысты лес" у Беларусі стала ўжо традыцыйнай. Упершыню яна была праведзена ў 2010 годзе, і з таго часу яе ўдзельнікамі сталі дзясяткі тысяч дабравольцаў.

Мерапрыемства актыўна падтрымліваюць мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, дзяржаўныя, грамадскія і камерцыйныя арганізацыі, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы і іншыя ўстановы краіны. У мінулым годзе акцыю "Чысты лес" падтрымалі больш як 35 тыс. удзельнікаў.

Найбольш актыўна да мерапрыемства падключыліся жыхары Магілёўскай вобласці: свой уклад у захаванне зялёнага багацця Беларусі ў гэтым рэгіёне ўнеслі звыш 7,2 тыс. чалавек.

На працягу дня добраахвотнікі па ўсёй краіне не толькі прыбіралі лес ад смецця і захламленасці, але і добраўпарадкоўвалі месцы адпачынку, рыхтавалі дэндрапаркі да зімоўкі, займаліся пасадкай лясных культур. За суткі ў лясах Беларусі было прыбрана амаль 2 тыс. куб.м смецця, ліквідаваны сотні звалак.

27 верасня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/563/45098
Текущая дата: 27.12.2024