Белорусский портал в Казахстане

У цэнтры Брагіна знойдзена велізарная схованка са зброяй часоў вайны



Аб знаходцы стала вядома ад дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Рабочыя на будаўнічым аб`екце займаліся ўладкаваннем тратуарных дарожак. У нейкі момант коўш экскаватар зачапіўся за металічныя прадметы, як аказалася, гэта была зброя.

Тэрыторыю ДЮСШ і бліжэйшых раёнаў ачапілі, рабочых выдалілі на бяспечную адлегласць. Да раскопак знойдзенага прыступілі спецыялісты групы размініравання Яшчэ на этапе праверкі тэрыторыі пасля прыезду яны былі здзіўлены: мінашукальнікі паказвалі неверагодную колькасць зброі.

Па інфармацыі УУС Гомельскага аблвыканкама, усяго на гэтым месцы было знойдзена 255 ствалоў. На паверхню дасталі іржавыя часткі 12 кулямётаў Дзегцярова, 39 ППШ, 36 вінтовак Мосіна, 6 станкавых і 2 авіяцыйных кулямёты "Максім" і некалькі станін да яго, процітанкавую стрэльбу і дзве ствольныя каробкі з ударна-спускавым механізмам да яе.

Таксама было знойдзена 65 карабінаў Мосіна 1944 года выпуску, 23 нямецкія карабіны К-98 "Маўзэр", пяхотны кулямёт Дзегцярова, дэталі і трое санак да яго. Ідэнтыфікаваныя аўтамат Фёдарава, самазарадныя вінтоўкі Сіманава і Токарава, мінамётная станіна да мінамёта.

Выяўлена таксама вялікая колькасць ствольных каробак, газавых поршняў, ударна-спускавых механізмаў. Пасля высветлілася, што небяспекі зброя не ўяўляла. Папярэдні агляд паказаў, што яно не зараджана. Не было ў схованцы і боепрыпасаў.

Праводзіцца праверка, прызначаны неабходныя экспертныя даследаванні. Ва УУС пакуль не могуць сказаць, адкуль узялася схованка. Мяркуецца, што гэта магла быць канфіскаваная пасля вайны ў насельніцтва зброя. Не выключана, што склад быў створаны ў канцы вайны, калі меркаваць па вінтоўках 1944 года выпуску. Вядома, што раней на гэтым месцы знаходзіўся будынак ваенкамата, які ў савецкі час знеслі.

Сяргей Расолька
Звязда, 14 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/565/44926
Текущая дата: 27.12.2024