Белорусский портал в Казахстане

У Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя па барацьбе з тэрарызмам



У Мінску 9—10 кастрычніка пройдзе міжнародная канферэнцыя "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху".

Пытанні арганізацыі і правядзення мерапрыемства, уключаючы дэталі ўдзелу ў ёй прадстаўнікоў Контртэрарыстычнага камітэта ААН (КТК), абмеркавалі 19 ліпеня ў Нью-Ёрку пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў і памочнік генеральнага сакратара, выканаўчы дырэктар выканаўчага дырэктарата КТК Мішэль Конінкс, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Бакі абмеркавалі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН у сферы барацьбы з тэрарызмам, адзначылі станоўчы вопыт узаемадзеяння краіны з КТК, у прыватнасці правядзенне сумеснага тэматычнага мерапрыемствы па барацьбе з тэрарызмам у кіберпрасторы на палях канферэнцыі кіраўнікоў контртэрарыстычных органаў дзяржаў — членаў ААН, якая прайшла ў чэрвені 2018 года.

Асобная ўвага была нададзеная агляду КТК па выкананні Беларуссю рэзалюцый Савета бяспекі ААН, што тычацца барацьбы з тэрарызмам, і рэкамендацый камітэта паводле вынікаў агляду.

Контртэрарыстычны камітэт ААН быў заснаваны ў сувязі з учыненымі ў ЗША 11 верасня 2001 года тэрарыстычнымі актамі. Складаецца з 15 дзяржаў — членаў Савета бяспекі ААН і ажыццяўляе кантроль за выкананнем рэзалюцый Савета бяспекі ў галіне барацьбы з тэрарызмам. У сваёй дзейнасці КТК абапіраецца на выканаўчы дырэктарат, які выконвае стратэгічныя рашэнні і праводзіць экспертную ацэнку сітуацыі ў дзяржавах — членах ААН.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 20 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/567/44243
Текущая дата: 16.11.2024