Белорусский портал в Казахстане

Амаль 90 касманаўтаў з 19 краін прыедуць у Мінск на міжнародны кангрэс



Аб гэтым паведаміў 28-га жніўня намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін.

Амаль 90 касманаўтаў з 19 краін прымуць удзел у 31-м міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе ў Мінску 9-15 верасня. 

"Самыя вялікія дэлегацыі чакаюцца з Расіі і ЗША, таксама будуць госці з Германіі, Нідэрландаў, Швецыі, Аўстрыі, Кітая і іншых дзяржаў", - сказаў Сяргей Кілін.

"У ліку знакамітых касманаўтаў, якія наведаюць Беларусь у верасні, будзе Святлана Савіцкая - першая жанчына, якая выйшла ў адкрыты космас. Прыедуць першы кітайскі касманаўт Ян Лівэй, экс-рэкардсмен па знаходжанні ў адкрытай касмічнай прасторы Сяргей Крыкалёў. Будзе і такая легендарная асоба, як Віктар Савіных, які рэанімаваў станцыю "Салют-7". Многія касманаўты пасля палёту займаліся палітычнай і навуковай дзейнасцю, таму ў ліку нашых гасцей будуць былы французскі міністр і былы рэктар універсітэта ў Штутгарце. Чакаем і амерыканскага астранаўта Скота Келі, які разам з расійскім касманаўтам Міхаілам Карніенкам правёў на арбіце амаль год, даследуючы, як арганізм рэагуе на доўгую адсутнасць гравітацыі", - адзначыў ён.

У панядзелак, 10 верасня, пройдзе цырымонія адкрыцця кангрэса ў НВЦ "Белэкспа". Запланаваны тэхнічныя сесіі, прысвечаныя агляду міжнароднай касмічнай праграмы, абмеркаванню вынікаў палётаў на МКС, касмічнай навуцы. У сераду, 12 верасня, касманаўты сустрэнуцца з беларускімі школьнікамі і студэнтамі.

Акрамя таго, у час кангрэса адбудзецца адкрыццё Алеі касманаўтаў у Батанічным садзе і манумента на вул. Касманаўтаў, прысвечанага беларускім удзельнікам касмічных палётаў. Таксама для гасцей запланаваны экскурсіі па знакавых мясцінах Беларусі і культурная праграма.

Афіцыйная частка кангрэса завершыцца цырымоніяй закрыцця. Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў - міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб`ядноўвае касманаўтаў з многіх краін, створаная ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў.

Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.

28 жніўня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/570/44689
Текущая дата: 28.12.2024