Белорусский портал в Казахстане

Каля 10 тыс. чалавек прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці



З кожным годам колькасць удзельнікаў памятных мерапрыемстваў толькі павялічваецца.

Каля 10 тыс. чалавек прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".

Жалобная цырымонія пачалася а палове чацвёртай гадзіны раніцы з лазернай пастаноўкі "Уварванне" пад фанаграму са знакамітай сімфоніі Дзмітрыя Шастаковіча.

Цішыню на досвітку разарвалі кулямётныя стрэлы і залпы артылерыйскай батарэі. На ўстаноўленым каля Вечнага агню экране змяняліся фатаграфіі абаронцаў крэпасці.

Вядучыя расказвалі гісторыі іх гераічнай гібелі. На плошчы Цырыманіялаў сабраліся тысячы людзей. Самыя ганаровыя госці мерапрыемства - ветэраны - размясціліся на спецыяльна ўстаноўленых для іх крэслах.

Сустракаць світанне 22 чэрвеня ў цытадэлі над Бугам для многіх ужо стала традыцыяй. З кожным годам колькасць удзельнікаў памятных мерапрыемстваў у Брэсцкай крэпасці толькі павялічваецца.

"Гэта жалобны дзень. Але разам з тым мы павінны яго помніць, шанаваць. Тут у першыя гадзіны вайны нашы воіны праявілі мужнасць і гераізм, далі дастойны адпор гітлераўскім акупантам. Памяць аб тых падзеях будзе жыць доўга на беларускай зямлі", - сказаў, размаўляючы з журналістамі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс.

Успомніць адну з самых трагічных старонак у гісторыі народа ў Брэст прыехалі паўтара дзясятка дэлегацый, у тым ліку афіцыйныя з Масквы, Стаўраполля, Ленінградскай вобласці. Сваіх прадстаўнікоў накіравала асацыяцыя воінаў-інтэрнацыяналістаў Калінінградскай вобласці, Кіеўскае таварыства ветэранаў разведкі ВМФ.

Сярод гасцей - удзельнікі міжнароднага ваенна-гістарычнага злёту "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць", бронепрабегу "Дарога мужнасці", міжнароднага мотааўтапрабегу "Перамога без межаў". Разам з брастаўчанамі ўсе яны прайшлі сёння сімвалічнай "Дарогай памяці".

Шлях ад галоўнага ўвахода ў мемарыял - "Зоркі" - да плошчы Цырыманіялаў асвятлялі пражэктары, ліхтары, лампады. На экранах дэманстраваліся кадры савецкай даваеннай кінахронікі. У гэты час цыферблат адлічваў апошнія гадзіны і мінуты мірнага жыцця.

"У такія мінуты асабліва адчуваеш розніцу паміж мірнымі днямі і часам ваеннага ліхалецця, разумееш цану жыцця. У тысячагадовай гісторыі горада было шмат войнаў, перыядаў росквіту і заняпаду. Сёння Брэст - прыгожы, сучасны еўрапейскі горад. Але кожны раз, звяртаючыся да шматвяковай гісторыі, мы абавязаны помніць подзвіг тых, хто ў суровым 1941 годзе даў нам магчымасць жыць у свабоднай суверэннай Беларусі", - сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Па традыцыі пагранічнікі Брэста пусцілі вянкі ў ваду Буга. Вянкі і кветкі былі пакладзены да Вечнага агню і пліт некропаля. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць усіх ахвяр мінулай вайны.

22 чэрвеня 2018, Брэст
Святлана Вячорка - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/571/43934
Текущая дата: 16.11.2024