Беларуская пісьменніца лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2015 года Святлана Алексіевіч растлумачыла, чаму яна ніколі не пісала па-беларуску, а карыстаецца ў творчасці толькі рускай мовай.
Як адзначыла пісьменніца 25 чэрвеня ў Мінску на прэзентацыі пяцітомніка яе твораў "Галасы Утопіі", перакладзеных на беларускую мову, раней беларускамоўным літаратарам здавалася, што з-за яе рускай мовы яна "недастаткова беларуская".
"Цяжка мне было растлумачыць, што руская мая мова — гэта мова, на якой гаворыць імперыя. І я павінна была напісаць на гэтай мове, — адзначыла Алексіевіч. — Таму што калі я была ў Таджыкістане, там казалі па-руску, я была на Украіне — там гаварылі па-руску, гэта значыць дзе б я ні была — яшчэ былі [людзі] з таго часу".
"На беларускай мове калі б я напісала, я б не схапіла вось гэтую праўду пачуццяў. Я павінна была гэта зрабіць, і, на жаль, я стала і закладнікам, і ахвярай гэтага. Таму што за 40 гадоў, пакуль я раблю гэтую працу, я склалася менавіта ў гэтым моўным асяроддзі. І мне вельмі складана неяк зараз узяць і перайсці на беларускую мову. Але творчы шлях — гэта заўсёды нейкая ахвяра", — сказала нобелеўскі лаўрэат.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 25 чэрвеня 2018
Мінск, 25 чэрвеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/571/43988
Текущая дата: 16.11.2024