Белорусский портал в Казахстане

Што губляюць дзеці, якія растуць без казак?



Ларыса Рыжкова з Міханавіцкага дома фальклору ведае, як паднесці казку дзеткам.

Ці задумваліся вы аб тым, што губляюць дзеці, якія растуць без казак? Займальныя сюжэты дапамагаюць выхоўваць малечу. У казках гаворыцца пра сяброўства, бескарыслівую дапамогу, імкненне да справядлівасці, асуджаюцца няўдзячнасць і здрада, высмейваюцца фанабэрыя, зайздрасць, баязлівасць, гультайства.

А як не сказаць пра сакавітую, вобразную, багатую на трапныя параўнанні і характарыстыкі мову беларускіх казак! Між іншым, ці ўпэўнены вы, што ўмееце іх расказваць? Калі б толькі чулі сапраўдных майстроў гэтага жанру, якія сабраліся на міжнародным форуме казкі ў Акадэміі навук, зразумелі б, што пры дапамозе казачнай гісторыі можна і насмяшыць, і расчуліць, перадаць прыгажосць прыроды, пазнаёміць з народнымі традыцыямі. Нават адну і тую ж казачку можна расказваць па-рознаму, дадаваць новыя дэталі, уплятаць у яе песні.

Радуе, што ў розных кутках Беларусі краязнаўцы, педагогі і нават бібліятэкары спрабуюць «раскручваць» беларускую казачную спадчыну. Напрыклад, на Любаншчыне ладзіцца фестываль казкі, а ў мінулым годзе выйшла шыкоўная кніга з чароўнымі гісторыямі, запісанымі ў розных вёсках раёна.

У Міханавіцкім доме фальклору казкі не толькі збіраюцца, але і выконваюцца сучаснымі дзеткамі. «У іх разбіраецца шмат цікавых сітуацый. Праз неверагодныя гісторыі ўвогуле дзеці пазнаюць жыццё, — расказвае кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Ларыса Рыжкова. — На казках я вучу малых адчуваць народную інтанацыю, працаваць з голасам. Песенькі, што дадаюцца ў сюжэты, — гэта коды, допускі ў гісторыю, дзеці іх вельмі любяць. Дарэчы, дзякуючы ім казкі лепш запамінаюцца. Калі гэтыя малыя вырастуць, ім будзе што расказаць сваім сынам і дочкам».

Між іншым, казку можна задзейнічаць не толькі ў педагагічным працэсе. Чаму б яе не выкарыстоўваць у турыстычнай галіне? Акрамя фестываляў можна ладзіць спаборніцтвы казачнікаў — напрыклад, у Расіі праводзіцца «казкабатл».

Казка тоіць яшчэ мноства сакрэтаў. «Гэта неспазнаны сусвет, у якім столькі пунктаў, комплексаў, сувязяў, якія нават на сённяшнім этапе развіцця фалькларыстыкі і іншых навук мы яшчэ не можам растлумачыць. Казкі вучаць класіфікаваць свет, адказваць за сябе, выжываць, плюс, як сцвярджаюць псіхолагі, у казачных гісторыях вельмі вялікі пласт падсвядомага, што ўвасабляецца ў вобразах, сюжэтах», — заўважае Таццяна Валодзіна, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Некаторым казкам, што сустракаюцца ў Беларусі, тысячы гадоў. У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай на нашу тэрыторыю трапіла вялізная колькасць вандроўных еўрапейскіх сюжэтаў, у нас яны набылі свае дэталі, але захавалі выразную замежную аснову, каларыт. Зразумела, ёсць у нас і адметныя казкі — напрыклад пра асілкаў. Існуе шмат легендарных сюжэтаў пра тое, як такія персанажы мянялі ландшафт: насыпалі горы, перакідваліся камянямі, молатамі.

Таксама на Беларусі можна сустрэць шэраг непаўторных гісторый пра жывёл. Але дзіва: казкі пра зуброў у беларусаў не было, і наогул гэтая жывёліна не была прадстаўлена ў міфалогіі, яе няма ні ў загадках, ні ў песнях.

Затое другі персанаж, які зараз моцна тыражуецца, — бусел, — быў задзейнічаны ў самых розных жанрах. Легенда пра буслоў (калі чалавек ператварыўся ў птушку) вядомая па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў шматлікіх варыянтах. Часам у бусла нават ёсць імя — Адам (або Сцяпан, Іван).

Гэта легенда паўтарае класічны міф пра Пандору. Нават існуе гіпотэза, што гісторыя пра бусла больш старажытная, бо звязаная з канкрэтнымі, а не абстрактнымі з`явамі. Нагадаю, што бусел выпускае з торбачкі жаб, змей, а Пандора — злосць, зайздрасць і г. д...

Сёння казачная спадчына чакае і сваіх даследчыкаў, і сваіх прыхільнікаў. Яно і не дзіва, бо, кажуць, казка — як галаграма — той выпадак, калі праз малое можна спазнаць увесь свет.

Аўтар: Алена Дзядзюля 
Звязда, 31 траўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/575/43600
Текущая дата: 16.11.2024