Белорусский портал в Казахстане

Выйшлі ў абарачэнне адчаканеныя ў Казахстане памятныя манеты "Мінск. 950 гадоў"



Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацбанка Беларусі.

Нацыянальны банк Беларусі 1 верасня выпусціў у абарачэнне памятныя манеты "Мінск. 950 гадоў": сярэбраную — наміналам 20 рублёў, масай 33,62 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 мм, накладам 1.200 штук; медна-нікелевую — наміналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32,00 мм, накладам 2.000 штук.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў па акружнасці выступае кант. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: уверсе — рэльефная выява дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, па крузе надпісы: уверсе — "Рэспубліка Беларусь", унізе — намінал "20 рублёў" (на сярэбранай) і "1 рубель" (на медна-нікелевай), злева — год чаканкі, справа — проба сплаву (на срэбнай); у цэнтры — выява панарамы Верхняга горада — выгляд з вышыні птушынага палёту i герб Мінска.

Рэверс: у цэнтры — стылізаваная выява мініяцюры "Бітва на Нямізе" з Радзівілаўскага летапісу — літаратурнага помніка пачатку XIII стагоддзя, пад ім у тры радкі — гістарычныя назвы Мінска: "Мъньскъ", "Менеск", "Менск", унізе па крузе надпіс: "Мінск. 950 гадоў".

Манеты адчаканеныя на РДП "Казахстанскі манетны двор Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан".

"Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з`яўляюцца законным плацежным сродкам Беларусі, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/580/40584
Текущая дата: 17.06.2024