Белорусский портал в Казахстане

Да 500-годдзя беларускай Бібліі партрэт Скарыны ўпрыгожыць сцяну аднайменнага ўніверсітэта ў Гомелі



Малады гомельскі архітэктар Дзмітрый Казлюк за свае грошы ўпрыгожвае графіці сцяну Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Мастаку прыйшла ідэя намаляваць партрэт асветніка плошчай 64 квадратныя метры з цытатай "Святло ведаў перамагае цемру невуцтва".

Дзмітрый збіраў грошы на свой праект, але неабходная сума так і не набралася. Таму мастак вырашыў маляваць графіці за свае сродкі, а суму, якой не хапае, папрасіў у адміністрацыі ВНУ.

Да 6 жніўня, калі ў краіне шырока адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання (першай беларускай друкаванай кнігай была Біблія Скарыны), графіці павінна быць скончана.

"Вобраз Скарыны ў асацыяцыі з аднайменнай ВНУ будзе прыцягваць увагу да нацыянальнай мовы з дапамогай слогана. Малюнак можа стаць памятным месцам лінеек на першае верасня і іншых падзей. І гледзячы на гэты роспіс, людзі па-іншаму паглядзяць на гісторыю і нацыянальную мову. А ўніверсітэт задасць іншым ВНУ модную тэндэнцыю папулярызацыі беларускай гісторыі, мовы і культуры праз візуалізацыю вобразаў", — тлумачыць сваю ідэю аўтар.

На стварэнне графіці Дзмітрыя натхніла нараджэнне сына, які маральна падтрымлівае бацьку падчас работ. На роспіс сцены пайшло каля двух тыдняў.

БелаПАН, 3 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/583/40301
Текущая дата: 18.05.2024