Аб гэтым гаворыцца ў звароце старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазняка да ўдзельнікаў мітынгу і канцэрта, які праходзіў 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы Мінска.
Пазняк знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі з 1996 года. На думку яго прыхільнікаў у КХП-БНФ, вяртацца ў Беларусь яму па-ранейшаму небяспечна.
Зварот зачытаў адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі. Пазняк павіншаваў беларусаў са святам 100-годдзя абвяшчэння БНР. "Гэта вельмі вялікая падзея ў развіцці нацыі. Абвяшчэнне незалежнасці — гэта сімвал перамогі нацыянальнай ідэі", — лічыць ён. Палітык адзначыў, што беларусы ва ўсе часы "змагаліся з акупантамі".
"Імкненне да свабоды ў нас было заўсёды. БНР з`явілася не на пустым месцы, а стала вынікам барацьбы з Масквой, — падкрэсліў ён. — Нягледзячы на пераслед, рэпрэсіі, генацыд, беларусы вярнуліся да сваіх каранёў, стварыўшы ўжо ў канцы XX стагоддзя незалежную дзяржаву".
Мерапрыемства, арганізаванае КХП-БНФ, працягнулася выступамі музыкаў і бардаў. У акцыі ўдзельнічаюць прыблізна 200 чалавек.
Паводле задумы арганізатараў мітынгу і канцэрта, сённяшнюю акцыю можна разглядаць як пачатак святкавання 100-годдзя БНР і пралог да ўрачыстага мітынгу і канцэрта, якія адбудуцца 25 сакавіка ля опернага тэатра ў Мінску і таксама санкцыянаваныя гарвыканкамам. Збор удзельнікаў плануецца з 13.00 да 14.00. Пасля мітынгу адбудзецца канцэрт, што будзе доўжыцца да 19.00.
Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 24 сакавіка 2018
Мінск, 24 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/584/42940
Текущая дата: 17.11.2024