Белорусский портал в Казахстане

Работы па выратаванні двух рабочых, якія трапілі пад завал у шахце 3-га рудаўпраўлення ўвечары 9 сакавіка, не спыняюцца



"Мы, вядома ж, спадзяемся на лепшае, не пакідаем апошнія надзеі, што людзі могуць аказацца жывымі", — заявіў генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій" Іван Галаваты 10 сакавіка.

Гендырэктар "Беларуськалія" паведаміў, што па стане на 14.00 па лініі вырабаткі раскапана "прыкладна 20 метраў". Паводле ацэнкі экспертаў, трэба будзе раскапаць яшчэ як мінімум 30 метраў.

"Адбылося раптоўнае абвальванне парод даху, з вялікай інтэнсіўнасцю і з выдзяленнем газу. Як паказалі папярэднія дадзеныя, вышыня абвальвання склала да 12 метраў лакальна, у дыяметры — каля трох-чатырох метраў. Пасля разгазавання горных вырабатак былі пачаты работы па расчыстцы завалаў", — расказаў гендырэктар прадпрыемства.

Дзе менавіта могуць знаходзіцца пацярпелыя рабочыя, пакуль складана сказаць, бо выкід быў моцным, адзначыў Галаваты.

Паводле яго слоў, пошукава-выратавальныя працы не спыняюцца ні на хвіліну, людзі змяняюць адзін аднаго. "На жаль, нейкай асаблівай тэхнікі прымяніць немагчыма, адбываецца ўручную зачыстка рыдлёўкамі. Складанасць у тым, што абмежаваная прастора: шырыня вырабаткі складае ўсяго 3,8 метра, вышыня — 3 метры. Магчымае размяшчэнне не больш чым пяці чалавек", — дадаў гендырэктар.

Інфармацыя аб НЗ на "Беларуськаліі" паступіла ў МНС 9 сакавіка ў 18.30. У афіцыйным каментары прадпрыемства гаворыцца, што раптоўны выкід солі і газу адбыўся на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўлення "пры выкананні комплексам ПКС-8 № 4 засечкі на тэхналагічную збойку 22-б заходняга слупа гарызонту -620 м. Інтэнсіўнасць выкіду склала каля 600 м3 горнай масы".

Пад завалам апынуліся машыніст горных выемачных машын Максім Іваноў 1973 года нараджэння і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валькоў 1985 года нараджэння. Праходчы камбайн і самаходны вагон, у якім яны знаходзіліся, былі цалкам засыпаныя выкінутай пародай.

Для расследавання прычын інцыдэнту створаная спецыяльная камісія.

Акалічнасці інцыдэнту высвятляе ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці. У шахце працуе следча-аператыўная група. Яе працу каардынуюць следчыя, якія спецыялізуюцца на расследаванні такіх здарэнняў. Яны аглядаюць месца, збіраюць і фіксуюць сляды, вымаюць вытворчую і тэхнічную дакументацыю, якая рэгламентуе парадак правядзення гэтых відаў горных работ, дапытваюць работнікаў і службовых асоб прадпрыемства.

У канцы лютага газета "Калийщик Солигорска" паведамляла, што на рудніку 3-га рудаўпраўлення "вядуцца горна-падрыхтоўчыя работы для далейшай адпрацоўкі выемачнага слупа з прымяненнем эксперыментальнай тэхналогіі". "На гэты момант праходчы комплекс ПКС-8 № 4 выконвае комплекс работ па праходцы горных вырабатак 22б заходняга слупа для будучай адпрацоўкі гэтага ўчастка лавай № 11-4. Падрыхтоўку гэтага слупа праходчая брыгада пачала ў пачатку 2017 года", — пісала газета.

Адзначалася таксама, што "галоўнай асаблівасцю работ на гэтым участку шахтнага поля з`яўляецца тое, што слуп будзе адпрацаваны эксперыментальным забоем".

"Гэта першая на рудніку РУ-3 доследная лава, якая працуе па эксперыментальнай тэхналогіі выемкі пакінутых запасаў карыснага выкапня ў падпрацаваным 4-м сільвінітавым пласце і міжслупавым цаліку. Гэтыя запасы былі пакінутыя ў шахце ў 1980-х гадах пасля адпрацоўкі слаёў з высокім утрыманнем калій-хлор у рудзе і з найменшымі тэхналагічнымі стратамі, — адзначаў "Калийщик Солигорска". — З кожным этапам праходкі горных выпрацовак даводзіцца прымаць рашэнні па дадатковым мацаванні горных вырабатак, мяняць меры аховы, параметры мацавання, а таксама праходзіць новыя даследчыя вырабаткі: гэта значыць адмаўляцца ад дзейных вырабатак і пераходзіць на іншыя. Навуковае суправаджэнне работ, якія праводзяцца на рудніку, ажыццяўляюць спецыялісты Інстытута горнай справы — вядуць назіранне за станам горных вырабатак, выконваюць неабходныя замеры і іншае".

БелаПАН
Мінск, 10 сакавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/586/42784
Текущая дата: 16.11.2024