Белорусский портал в Казахстане

КДБ затрымаў 12 супрацоўнікаў сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі



Пра гэта газеце "Советская Белоруссия" паведамілі ў КДБ.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі затрымаў 12 супрацоўнікаў сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі, а таксама двух бізнесменаў, звязаных з імі карупцыйнымі схемамі. 

Паводле інфармацыі камітэта, выявілася "цэлая злачынная схема экспарту піламатэрыялаў, арганізаваная камерсантамі і службовымі асобамі".

"Апошнія ігралі немалаважную ролю ў поспеху махінацый — яны наўмысна прыніжалі сортнасць піламатэрыялаў пры іх продажы лясгасамі. У выніку бізнесмены пад выглядам амаль непрыдатнай сыравіны закуплялі прадукцыю вышэйшага гатунку канкрэтных аб`ёмаў і памераў. Закупкі ішлі, у ліку іншых механізмаў, і праз удзел у "дамоўных" таргах на ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа", — адзначаецца ў матэрыяле.

"Экспартавалася набытая прадукцыя лясгасаў праз пасрэдніцкія структуры ў Беларусі і сістэму так званых фірмаў-пракладак", — удакладнілі ў Камітэце дзяржбяспекі.

"Яны размяшчаліся ў краінах Прыбалтыкі, але кіраваліся з тэрыторыі нашай краіны, — піша газета. — КДБ высветліў, што падрыхтоўка адпаведных дакументаў, кантроль за адгрузкай, вытворчасць піламатэрыялаў канкрэтнага "зручнага" памеру, змова перад правядзеннем біржавых таргоў ажыццяўляліся пры спрыянні кіраўнікоў рознага ўзроўню лясных гаспадарак практычна ўсіх абласцей Беларусі".

Пры перадачы хабару 24 студзеня з доказамі злачынства былі затрыманыя прадстаўнік камерцыйнай структуры і кіраўнік аднаго з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Больш падрабязная інфармацыя на гэтым этапе не выдаецца ў інтарэсах следства, адзначылі ў КДБ.

"Аднак ужо атрыманыя дакументальныя матэрыялы, якія пацвярджаюць, што хабар службовым асобам сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі перадаваўся рэгулярна, паслядоўна, сістэмна. Пры гэтым "такса" складала ад 2 да 5 еўра з кожнага кубаметра адгружанага піламатэрыялу. Усяго, паводле даных канфіскаванай "чорнай бухгалтэрыі", штогод выплачвалася хабараў на суму 50-70 тысяч еўра. Аб`ёмы піламатэрыялаў, якія вывозіліся такім чынам, складалі не менш як 36 тысяч кубаметраў за год", — адзначылі ў Камітэце дзяржбяспекі.

КДБ распачаў крымінальныя справы аб дачы і атрыманні хабараў. Затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ два прадпрымальнікі і 12 службовых асоб сістэмы Мінлясгаса ў Мінскай, Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Паведамляецца, што 11 чалавек з 14 затрыманых цалкам прызналі сваю віну, напісалі чыстасардэчныя прызнанні і заявы з пакаяннем.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 15 лютага вызваліў ад займанай пасады Міхаіла Амельяновіча, які працаваў міністрам лясной гаспадаркі з 2010 года, "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамаснай арганізацыі".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 16 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/589/42579
Текущая дата: 17.11.2024