Белорусский портал в Казахстане

Прах Магдалены Радзівіл пахаваны ў Мінску: здейснілася яе апошняя воля



Праз паўстагоддзя пасля скону прах Магдалены Радзівіл размясцілі ў касцёле Святога Роха.

Урну з прахам мецэнаткі беларускага адраджэння пачатку XX стагоддзя княгіні Магдалены Радзівіл 17-га лютага перапахавалі ў найстарэйшым мінскім каталіцкім храме - у касцёле Святога Роха.

У Мінск з нагоды гэтага мерапрыемства прыбылі нашчадкі мецэнаткі — Мацей і Міхаіл Радзівілы, яе праўнукі Марылена і Адам Замойскія. У касцёл, дзе прайшла імша і цырымонія перапахавання, таксама прыйшлі шматлікія вернікі, прадстаўнікі польскай амбасады.

Узначаліў імшу біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Пра тое, што сваякі мецэнаткі хочуць перанесці яе прах у Мінск, як і адпісвала Магдалена Радзівіл, больш за год таму заявіў Мацей Радзівіл.

Улетку 2017 года ўрну з прахам даставілі з Швейцарыі ў беларускую сталіцу. Магдалена Радзівіл памерла больш за 70 гадоў таму, увесь гэты час яе прах знаходзіўся ў Швейцарыі.

У 1918 годзе Магдалена Радзівіл эмігравала з Беларусі, жыла ў Польшчы, Літве, Германіі.

Дзякуючы ахвяраванням княгіні Магдалены былі адкрытыя беларускія школы ў шэрагу краін Еўропы. Яна плаціла стыпендыю беларускім студэнтам у Санкт-Пецярбургу, шчодра ахвяравала на беларускія школы, фінансавала выданне кніг Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, дапамагала гуртку "Загляне сонца і ў наша ваконца", давала грошы на выданне "Нашай Нiвы". У 1917 годзе яна ахвяравала брыльянтавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме.

Памерла беларуская меценатку ў 1945 годзе ва ўзросце 83 гадоў.

Sputnik, 17 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/589/42583
Текущая дата: 17.11.2024