Белорусский портал в Казахстане

Мастацкі музей запрашае на дзень гісторый пра каханне



У Дзень усіх закаханых у музеі будуць працаваць прасторы слова, голаса і кіно.

Гісторыі пра каханне ў розных увасабленнях будуць расказваць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Дзень усіх закаханых, паведамілі ў прэс-службе музея.

З 11:00 да 19:00 у музеі будуць працаваць некалькі "прастораў", дзе гасцей чакаюць тэматычныя святочныя мерапрыемствы.

"14 лютага — той дзень, калі, нікому нічога не даказваючы, можна культурна адпачыць душой і адправіцца ў творчы пошук. У гэты дзень прастора Мастацкага музея напоўніцца словам, голасам і кіно", — падкрэслілі арганізатары.

У прасторы пяра можна будзе даведацца аб парывах, прызнаннях і патаемных перажываннях рускіх мастакоў. Наведвальнікам прапануюць зазірнуць у канверты і адкрыць для сябе хвалюючыя пачуцці і думкі рускіх майстроў XIX і XX стагоддзя з іх асабістых перапісак.

Арт-кафэ пры музеі на некаторы час стане прасторай выказвання. Тут пра каханне ў міфах і легендах Усходу паведае навуковы супрацоўнік музея Мікіта Моніч.

Госці прасторы кінакарціны змогуць паглядзець стужкі Мішэля Гондры, Паола Сарэнціна і Спайка Джонса, якія падаюць гэта пачуццё з розных бакоў і кантынентаў.

У межах прасторы голаса музейныя валанцёры правядуць аўтарскія экскурсіі. У праграме творы з калекцыі, якім ёсць што сказаць пра каханне.

Прастора слова праз навушнікі пазнаёміць з гісторыямі пра партрэтуемых герояў і мастакоў, пра рознае каханне, здольнае на самыя непрадказальныя павароты.

Уваход па білеце ў музей для дарослых будзе каштаваць 6 рублёў, для школьнікаў і студэнтаў — 3 рублі.

Мінск, 10 лютага 2018
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/590/42495
Текущая дата: 17.11.2024