22 студзеня на 82-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч Васіль Якавенка. Пра яго смерць паведаміў унук нябожчыка Ян Мачульскі.
Васіль Цімафеевіч Якавенка нарадзіўся 5 мая 1936 года ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці ў сялянскай сям`і.
У 1956 годзе скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. У 1956—1958 гадах служыў у Савецкай Арміі. Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 годзе завочна скончыў БДУ. У 1972—1977 гадах — рэдактар аддзела навукі і мастацтва, аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса "Полымя". З 1977 года — член Саюза пісьменнікаў БССР і СССР. У 1977—1978 гадах — сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 года — прэзідэнт Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль".
Нямала сіл і энергіі пісьменнік аддаў раскрыццю рэалій пры асвятленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, усталяванню галоснасці, аздараўленню апрамененых і аслабленых дзяцей.
У апошнія гады, будучы каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці", Васіль Якавенка засяродзіў сваю ўвагу на раскрыцці невядомых старонак сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, "знайшоў" свайго дзеда Васіля, селяніна, арыштаванага і расстралянага ў 1938 годзе ў Мазыры, рэдагаваў грамадскі штомесячны бюлетэнь "Рэха ГУЛАГа" (2007).
Абапіраючыся на вядомых беларускіх навукоўцаў і творчую інтэлігенцыю, правёў шырокамаштабныя акцыі за адраджэнне і развіццё беларускай мовы (2009, 2011).
Прапагандаваў і адстойваў інтарэсы грамадзянскай супольнасці ў беларускім палітычным жыцці.
БелаПАН
Мінск, 23 студзеня 2018
Мінск, 23 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/594/42264
Текущая дата: 17.11.2024