Міністр культуры Літвы Ліяна Руакіте-Ёнсан назвала балет "Вітаўт" у пастаноўцы Вялікага тэатра Беларусі правакацыяй. Паводле яе слоў, план паказаць беларускі балет на літоўскай сцэне напярэдадні святкавання незалежнасці Літвы з`яўляецца не чым іншым, як праявай мяккай сілы.
У першую чаргу ў галаву прыходзяць словы Сяргея Лаўрова, якія ён агучыў у жніўні 2015 года на прэс-канферэнцыі з міністрам замежных справаў Саудаўскай Аравіі, і якія даўно сталі мемам у інтэрнэце.
Ацэначныя меркаванні літоўскага боку ў дачыненні да Беларусі гучаць не ўпершыню. Сродкі масавай інфармацыі Літвы незадаволеныя тым, што шмат беларусаў прыязджае турыстамі, б`юць набат з нагоды будаўніцтва АЭС у Астраўцы і куплі нерухомасці ў Вільні.
Упершыню прадметам увагі літоўскіх палітыкаў стала сфера мастацтва. Універсальная мова балета не патрабуе перакладу і як любы кірунак мастацтва не скавана законамі, правіламі і тым больш стэрэатыпамі.
Беларускі тэатр ужо звяртаўся да старонак гісторыі. У розныя гады з поспехам выходзілі балет "Рагнеда", опера "Сівая легенда" і іншыя. Асобнай увагай уганаравана пастаноўка балета "Вітаўт" Вялікага тэатра.
Вітаўт у трыко
Лібрэта для балета "Вітаўт" напісалі Аляксей Дудараў і Уладзімір Рылатка. У аснову сюжэту пакладзена супярэчлівая гісторыя ўзаемаадносін літоўскіх князёў Ягайлы і Вітаўта.
Балет пераносіць гледачоў у эпоху станаўлення Вялікага Княства Літоўскага з усёй яго веліччу. Толькі галоўны акцэнт зроблены на каханні Вітаўта і Ганны, якой дамагаўся Ягайла.
У балеце знайшлося месца і здрадзе Ягайлы, і забойству Кейстута, і нават легендарным уцёкам у жаночай сукенцы з палону Вітаўта.
Вядома, балет утрымлівае мастацкую выдумку, але ж гэта мастацтва і сцэна тэатра, а не акадэмічная кафедра і сярэднявечная хроніка.
Агульная гісторыя і прыватная зацікаўленнасць
Балет "Вітаўт" ідзе на сцэне ўжо чатыры гады. За гэты час ён набыў любоў гледачоў і атрымаў узнагароды. Увагу нашых бліжэйшых суседзяў ён прыцягнуў яшчэ да прэм`еры.
Літоўскія СМІ пісалі, што Беларусь спрабуе прысвоіць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Як быццам літоўцы і беларусы не будавалі разам агульную дзяржаву.
Цяжка сабе ўявіць, што каму-небудзь у Багдадзе прыйдзе ў галаву сыпаць папрокі ў правакацыі, калі на еўрапейскіх падмостках ідзе "Набука", або верагоднае абурэнне Каіра на пастаноўку "Аіды".
Сакральныя фігуры і нацыянальныя страхі
Дык чым мог напалохаць беларускі балет цэлага міністра незалежнай Літвы? Справа ў тым, што маленькая нацыя заўсёды схільная гістарычныя міфы і легенды ўзводзіць у ранг культу.
Любыя спробы зірнуць на нацыянальны міф інакш успрымаюцца як замах на нацыянальную годнасць. Гэта пытанне веры, а не аб`ектыўнай рэчаіснасці. Вобраз Дон Кіхота, які бачыць велікана ў ветраных млынах, літоўцы прымяраюць не ўпершыню.
Увогуле, калі вы яшчэ не бачылі балет "Вітаўт", цяпер самы час на свае ўласныя вочы ўбачыць пастаноўку і скласці сваё меркаванне пра яе. Вялікі тэатр 29 верасня прадставіць яго мінскай публіцы.
Лепшым падарункам беларускім артыстам, вядома, будзе поўная зала Siemens Arena 16 лютага ў Вільні. Арганізатары гастроляў прыбралі з сайта рэмарку пра тое, што пастаноўка прымеркавана да святкавання 100-годдзя атрымання незалежнасці Літвой. Квіткі па-ранейшаму ў продажы. Давайце разам павіншуем нашых суседзяў са святам і атрымаем асалоду ад беларускай пастаноўкі на літоўскай сцэне.
Sputnik, 6 верасня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/613/40730
Текущая дата: 17.11.2024