Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты "Звязда" са 100-гадовым юбілеем выхаду ў свет першага нумара выдання



"Заснаваная ў няпросты час узрушэнняў і пераменаў у жніўні 1917 года, "Звязда" стала сапраўдным летапісам жыцця беларускага грамадства, — адзначыў Лукашэнка. — Яе гісторыя непарыўна звязаная з гісторыяй Беларусі і нашага народа. Праз газету родная мова даходзіць да кожнага сэрца".

Як адзначаецца ў віншаванні, "Звязда" не пераставала выходзіць нават падчас Вялікай Айчыннай вайны: яе выпускалі ў мінскім падполлі, затым — на партызанскім востраве Зыслаў. "Друкаванае слова заклікала людзей да барацьбы з захопнікамі, надавала ўпэўненасць і сілы. Нездарма пасля вайны "Звяздзе" прысвяцілі чатыры помнікі — унікальны выпадак, які яскрава сведчыць пра значнасць газеты для беларусаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

Беларускі афіцыйны лідар адзначыў, што, "цэнячы традыцыі аб`ектыўнасці і ўзважанасці, увагі да простага чалавека, якія былі закладзеныя не адным пакаленнем журналістаў, перыядычнае выданне застаецца для свайго чытача кампетэнтнай крыніцай інфармацыі і чулым суразмоўцам".

БелаПАН
Мінск, 9 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/618/40349
Текущая дата: 17.11.2024