Белорусский портал в Казахстане

Пленэр памяці Бялыніцкага-Бірулі пройдзе ў Расіі і Беларусі



Міжнародны пленэр па жывапісе, прысвечаны 145-годдзю з дня нараджэння выбітнога беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, пачне працу ў сярэдзіне жніўня.

XXII Міжнародны пленэр па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", прысвечаны 145-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі і Расіі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, пачне працу ў сярэдзіне жніўня, паведамляе прэс-служба Магілёўскага аблвыканкама.

Першая частка беларуска-расійскага праекта пройдзе на тэрыторыі Тульскай вобласці. 14 жніўня беларускі састаў мастакоў адправіцца працаваць у дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік Васіля Паленава.

"Адкрываць пленэр на расійскай зямлі стала добрай традыцыяй. Праграма знаходжання будзе насычанай. Акрамя працы на тэрыторыі музея-запаведніка, мяркуюцца творчыя паездкі для стварэння твораў і эцюдаў у Ясную Паляну, Тарусу, па наваколлі Меліхава", — распавяла намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава Святлана Строгіна.

24 жніўня мастакоў будзе сустракаць Магілёўская вобласць. Да беларускіх майстроў пэндзля далучацца таленавітыя жывапісцы з Расіі, Індыі, Ізраіля, Арменіі, Літвы, Кітая і Украіны.

У Прыдняпроўскім краі да працы прыступяць 22 мастака. Гэта будуць як новыя, так і гучныя імёны ў жывапісе. Сярод апошніх — заслужаны мастак Расіі Аляксей Шалаеў і заслужаны мастак Украіны Яўген Смірноў. Чакаецца, што падчас пленэра яны правядуць майстар-класы для моладзі.

Праграма пленэру ў Магілёўскай вобласці пачнецца з наведвання вёскі Крынкі Бялыніцкага раёна — месца, дзе нарадзіўся Вітольд Бялыніцкі-Біруля.

Завершыцца мерапрыемства 6 верасня адкрыццём выніковай выставы ў абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Сюды ўвойдуць па дзве лепшыя карціны ад кожнага аўтара. У Магілёве выстава будзе працаваць на працягу месяца. Пасля яна пачне падарожжа па вобласці. Чакаецца, што першымі яе змогуць убачыць жыхары Бялыніцкага раёна.

Мінск, 26 ліпеня 2017
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/621/40177
Текущая дата: 17.11.2024