Белорусский портал в Казахстане

Беларускія і кітайскія спецназаўцы адпрацавалі прыёмы барацьбы з тэрарыстамі



18 ліпеня прайшлі комплексныя тактычныя заняткі і ўрачыстая цырымонія закрыцця сумеснай беларуска-кітайскай трэніроўкі.

Спецыяльны атрад хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі і спецатрад "Лоўчы сокал" Народнай узброенай паліцыі Кітая адпрацавалі сумесныя дзеянні па процістаянні тэрарыстычнай групоўцы, якая захапіла населены пункт і заложнікаў, на палігоне аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС у Барысаўскім раёне.

На мерапрыемстве прысутнічалі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, намеснік міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Караеў, намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын, таксама камандуючы Народнай узброенай паліцыяй КНР Нін Ван.

Паводле легенды тактычных заняткаў, група тэрарыстаў з 15 чалавек захапіла населены пункт Светлая Рошча. Баевікі напалі на аддзяленне міліцыі і адміністрацыю, захапілі заложнікаў.

Па камандзе кіраўніка тры пошукавыя групы зводных падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння пачалі пошук незаконнага ўзброенага фарміравання. Групы пошуку, дзейнічаючы ў складзе баявых двоек і троек, пад прыкрыццём бранятэхнікі знайшлі і затрымалі некаторых тэрарыстаў, тых, хто аказваў узброенае супраціўленне - расстрэльвалі.

Частцы баевікоў удалося схавацца ў чыгуначным саставе, аўтобусе, самалёце і будынку міліцыі. Спецназаўцы правялі паспяховыя аперацыі па затрыманні і знішчэнні злачынцаў на гэтых аб`ектах.



Гаворачы аб сумеснай трэніроўцы, Юрый Караеў адзначыў, што за сем дзён падраздзяленні спецназа дзвюх краін паспяхова адпрацавалі элементы баявога парадку спецаперацыі па знішчэнні тэрарыстычнага фарміравання, нягледзячы на моўны бар`ер дабіліся зладжанасці як у рабоце парамі, так і групамі.

"Заняткі ўдаліся, яны прайшлі вельмі паспяхова, - падкрэсліў намеснік міністра. - Усе дзейнічалі хутка, зладжана, без замінкі. Дазіраванае выкарыстанне ў трэніроўцы бранятэхнікі, сродкаў імітацыі і халастых патронаў стварылі ўмовы, набліжаныя да баявой спецыяльнай аперацыі".

Ён адзначыў высокі баявы дух і матываванасць кітайскіх спецназаўцаў. "Нават па страявым кроку, па тым, як яны выконваюць гімн, відаць іх матываванасць і стараннасць. Байцы КНР вызначаюцца вынослівасцю, добрай фізічнай і агнявой падрыхтоўкай", - сказаў Юрый Караеў.

Нін Ван, адказваючы на пытанне журналістаў аб выніках сумеснай трэніроўкі, адзначыў, што гэта толькі пачатак, у планах - узмацненне супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам.

"Міжнародны тэрарызм стаў агульнай пагрозай для ўсяго чалавецтва. Трэніруючыся, мы ўносім актыўны ўклад у справу барацьбы з тэрарызмам. Мы дасягнулі поспехаў у галіне бяспекі, гэта добры вынік. У далейшым мы плануем узмацніць механізм супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў ён.

Сумесная антытэрарыстычная трэніроўка "Адзіны шчыт - 2017" прайшла 11-18 ліпеня на тэрыторыі Беларусі. Спецназаўцы дзвюх краін адпрацавалі сумесныя дзеянні ў контртэрарыстычнай аперацыі па спыненні дзейнасці незаконнага ўзброенага фарміравання.

Такія мерапрыемствы даюць магчымасць удасканальваць навыкі камандзіраў у кіраванні падраздзяленнямі спецпрызначэння пры выкананні сумесных задач, выпрацоўваць у асабовага складу высокія баявыя і маральныя якасці, а таксама ўмацаваць псіхалагічную ўстойлівасць.

19 ліпеня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/623/40076
Текущая дата: 17.11.2024