Адкрываючы 27 чэрвеня беларуска-в`етнамскі бізнес-форум у Мінску, Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра падрыхтоўку мер па развіцці IT-сферы.
"У найбліжэйшай будучыні, літаральна гэтым летам, нашай дзяржавай будуць прынятыя кардынальныя меры па развіцці IT-індустрыі", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што "Беларусь з`яўляецца адным з еўрапейскіх лідараў у галіне высокіх тэхналогій і вядомым распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння".
Развіццё IT-сферы абмяркоўвалася на сустрэчы Лукашэнкі з расійскім бізнесменам Міхаілам Гуцарыевым вясной гэтага года ў Мінску. 13 сакавіка Лукашэнка наведаў шэраг IT-кампаній, якімі валодаюць Гуцарыеў і беларускі бізнесмен Віктар Пракапеня.
Гуцарыеў прапанаваў беларускаму кіраўніку ўнесці "нязначныя змены" ў заканадаўства для развіцця IT-сферы. "Мы кажам пра тое, што Беларусь неабходна зрабіць IT-краінай. Тут трэба вырабляць прадукт, каб Беларусь стала адным з сусветных IT-цэнтраў. І гэта можна зрабіць. Патрэбныя нязначныя змены ў заканадаўства. Гаворка ідзе пра тое, каб ператварыць Беларусь у крыніцу вытворчасці новых тэхналогій", — сказаў расійскі бізнесмен.
Ён звярнуў увагу Лукашэнкі на тое, што зараз беларускія IT-спецыялісты ў асноўным працуюць паводле схемы аўтсорсінгу, выконваючы замовы для замежных кампаній, атрымліваючы толькі малую долю прыбытку ў параўнанні з выгадай ад прадуктовай мадэлі бізнесу і камерцыялізацыі канчатковага прадукту. Таму стаіць задача нароўні з такой мадэллю развіваць новыя перспектыўныя напрамкі, якія дадаткова будуць спрыяць як прытоку ў краіну інвестыцый, так і стварэнню высокаэфектыўных працоўных месцаў.
Гуцарыеў таксама ўзняў пытанне рэкламы IT-прадукцыі на сусветна вядомых замежных пляцоўках. Зараз для правядзення адпаведных разлікаў патрабуецца выканаць цэлы шэраг бюракратычных працэдур, што часта стопарыць працэс.
Лукашэнка паабяцаў знайсці вырашэнне гэтай і іншых праблем. "Гэта нам нават у плюс будзе, — сказаў ён. — Мы дзякуючы вам прымусім іншых адысці ад гэтай паператворчасці. Гэта толькі вітаецца, і мы вам будзем за гэта ўдзячныя. Гэта справа ўрада, які разам з Нацыянальным банкам павінны спрашчаць, што мы, дарэчы, цяпер і робім".
Дзяржава, запэўніў Лукашэнка, будзе аказваць неабходнае садзейнічанне, у тым ліку ў частцы прыняцця неабходных нарматыўных прававых актаў, якія вызначаюць умовы працы арганізацый у IT-сферы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што адным з асноўных патрабаванняў з`яўляецца празрыстасць і законнасць працэсаў з пункта гледжання вядзення бізнесу, пытанняў падаткаабкладання.
БелаПАН
Мінск, 27 чэрвеня 2017
Мінск, 27 чэрвеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/628/39816
Текущая дата: 17.11.2024