Белорусский портал в Казахстане

Уклад Францыска Скарыны ў развіццё кнігадрукавання - здабытак Беларусі і ўсяго свету.



Такое меркаванне выказала 9 лютага на III Міжнародным сімпозіуме літаратараў "Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі" міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

"Мы ўпэўнены, што ўклад першадрукара з Полацка Францыска Скарыны ў развіццё кнігадрукавання - не толькі здабытак краіны, але і ўсяго свету, таму, у тым ліку і з вамі, будзем шмат працаваць у гэтым годзе, каб яшчэ і яшчэ раз падкрэсліць ролю і значэнне такіх вялікіх, планетарнага маштабу асоб, якія, безумоўна, ёсць у кожнай краіне. Гэта наша духоўная апора, тыя карані і вытокі, якія жывяць дзяржаўнасць", - сказала міністр.

Яна адзначыла, што ў Беларусі і за яе межамі запланавана вялікая праграма мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. І адно з такіх - міжнародны сімпозіум літаратараў, у якім прымаюць удзел пісьменнікі з 17 краін.

Лілія Ананіч выказала надзею, што сустрэчы пісьменнікаў дадуць вынікі, дастойныя папоўніць скарбонку гуманістычнай спадчыны. У мінулым годзе ў Беларусі вялася работа па выданні пры дзяржаўнай падтрымцы шэрага кніг, патрэбных сучаснаму чытачу, якія ў той ці іншай ступені прысвечаны тэме Францыска Скарыны, расказала міністр.

Паводле яе слоў, гэта работы, якія ўжо пры жыцці аўтараў сталі гісторыяй, таму што яны ўжо ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і будуць папаўняць фонды публічных і школьных бібліятэк.

"Гэта вялікая дзяржаўная праграма не толькі для таго, каб падкрэсліць ролю Беларусі ў гістарычным кантэксце. Самае галоўнае - паказаць, як у Беларусі беражліва збіраюць усю тую багатую гістарычную спадчыну, якая жывіць лепшых з лепшых дзеячаў культуры, мастацтва, літаратуры", - дадала міністр.

"Мы ўсе імкнёмся да дасягнення агульных мэт, хочам, каб быў трывалы свет, каб будучыя пакаленні беларусаў, расіян, іншых народаў цвёрда стаялі на гэтай зямлі. Нам ёсць што сказаць свету. І сёння мы гаворым, што Францыск Скарына - чалавек свету. Мы працягваем нітачку з 500-гадовай гісторыі на многія гады наперад, развіваючы нацыянальнае кнігавыданне, развіваючы гуманітарныя кантакты", - сказала на заканчэнне Лілія Ананіч.

9 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/646/38625
Текущая дата: 17.11.2024