Заява стала адказам на адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на імя міністра Ігара Шуневіча, дзе каталіцкі іерарх выказвае непакой адносна таго, што ў апошнія гады штучна заніжаюцца даныя па колькасці веруючых, якія прымаюць удзел у набажэнствах на святы Божага Нараджэння і Вялікадня.
У афіцыйнай заяве, змешчанай 29 снежня на сайце МУС Беларусі, адзначаецца, што «для Міністэрства ўнутраных спраў колькасць грамадзян, якія прымаюць удзел у масавых мерапрыемствах, мае значэнне выключна з пазіцыі растаноўкі неабходнай колькасці сіл і сродкаў».
«Наша галоўная задача — забеспячэнне грамадскай бяспекі», — гаворыцца ў заяве.
Паводле даных МУС у набажэнствах на Божае Нараджэнне 24-25 снежня 2016 года на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел больш за 113 тысяч чалавек. У дакуменце таксама адзначаецца, што інфармацыя ў раздзеле «Зводка» на сайце МУС «як правіла, патрабуе дадатковых удакладненняў».
«Ажыццяўляць падлік, фарміраваць і паведамляць грамадзянам афіцыйную статыстыку грамадзян, якія наведалі набажэнствы, не з’яўляецца абавязковай для МУС функцыяй», — гаворыцца ў заяве.
Каб прадухіліць маніпуляцыі з інфармацыяй, якая змяшчаецца на сайце МУС, як адзначаецца ў дакуменце, з гэтага часу «даныя пра колькасць грамадзян, якія ўдзельнічаюць у святкаванні рэлігійных падзей, будуць выкарыстоўвацца выключна ў службовых мэтах без размяшчэння ў адкрытым доступе».
Таксама, як адзначаецца, на сёння з сайта МУС выдалена інфармацыя пра колькасць удзельнікаў набажэнстваў у ноч з 24 на 25 снежня 2016 года.
«Падлік вернікаў і распаўсюджванне такіх звестак могуць ажыццяўляць іншыя зацікаўленыя, у тым ліку Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі», — заключаюць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.
catholic.by, 29 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/652/38242
Текущая дата: 16.11.2024