Белорусский портал в Казахстане

Віншаванні біскупскага вікарыя для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія



«Убачылі ўсе межы зямлі
Збаўленне Бога нашага.
Усклікай Пану, уся зямля,
Радуйцеся, спявайце і грайце»
Пс. 98

Набліжаецца радаснае хрысціянскае свята – Божае Нараджэнне!

Ад свайго імя і ад імя ўсяго духавенсва Магілёўскага рэгіёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзі
скіроўваю самыя сардэчныя віншаванні з Нараджэннем Хрыстовым і Новым 2017 годам!

У радасныя дні Божага Нараджэння ў нашых сэрцах гучаць словы прадвеснікаў Добрай Навіны аб вялікай і неспасцігальнай любові Бога да свайго стварэння: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан...» (Лк 2, 11). Гэтыя словы ажыўляюць нашую надзею і нагадваюць яшчэ раз пра тое, што Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жадае нарадзіцца і ў нашых сэрцах.

Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, які турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны «паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды» (Эф 4, 24).

Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю таксама на надыходзячы Новы 2017 год. 

+ Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.
Біскуп Вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці
Catholic.by, 23 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/653/38154
Текущая дата: 17.11.2024