Белорусский портал в Казахстане

Юныя віртуозы ігры на фартэпіяна 6 краін паспаборнічаюць у Гомелі



Аб гэтым паведаміла член аргкамітэта Святлана Батусава.

Юныя віртуозы ігры на фартэпіяна з Беларусі, Ізраіля, Літвы, Малдовы, Расіі і Украіны прымуць удзел у міжнародным конкурсе "Музыка надзеі", які пройдзе з 5 па 9 снежня ў Гомелі.

Па традыцыі, пачатак якой быў пакладзены ў 1996 годзе, удзельнікі "Музыкі надзеі" будуць спаборнічаць у канцэртнай зале гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. У гэтым годзе ў горад над Сожам прыедуць больш за 60 маладых выканаўцаў дзіцячых школ мастацтваў, гімназій, каледжаў, каб прадэманстраваць сваё майстэрства.

"Паводле ўмоў конкурсу, спецыялізацыя выканаўцаў у розныя гады адрозніваецца. У мінулым годзе, напрыклад, мы прымалі тых, хто аддае перавагу духавым і ўдарным інструментам, а ў наступным будзем чакаць у госці юныя таленты, якія навучаюцца ігры на струнных смычковых інструментах", - адзначыла Святлана Батусава.

Удзельнікі конкурсу будуць падзелены на групы. Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі лаўрэатаў і грашовымі прэміямі. У заключным канцэрце прымуць удзел усе лаўрэаты конкурсу. Журы конкурсу ўзначаліць Ігар Алоўнікаў - саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі.

У дні конкурсаў тут традыцыйна праходзяць канцэрты выдатных музыкантаў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, а члены журы праводзяць майстар-класы. Адным з арганізатараў "Музыкі надзеі" з`яўляецца Міністэрства культуры.

1 снежня 2016, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/658/37859
Текущая дата: 16.11.2024