У гэтым запэўніў прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў.
"Урад Беларусі будзе і надалей прымаць усе магчымыя меры па паляпшэнні дзелавога клімату", — запэўніў прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў удзельнікаў VI Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, што адкрыўся 14 лістапада ў Мінску.
Прывітанне кіраўніка ўрада, які адсутнічаў на адкрыцці форуму, зачытаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
Разняволенне дзелавой ініцыятывы грамадзян Кабякоў назваў адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, бо гэта спрыяе мадэрнізацыі эканомікі і стварэнню новых працоўных месцаў. Улады працягнуць лібералізацыю ўмоў гаспадарчай дзейнасці, скасаванне неабгрунтаваных адміністрацыйных бар`ераў для развіцця дзелавой ініцыятывы, паабяцаў прэм`ер.
Прыярытэтам стане стварэнне электроннага рэестра адміністрацыйных працэдур адначасова са скарачэннем іх колькасці. "Менавіта ідэі малога бізнесу дазваляюць ствараць новыя праекты, якія займалі б новыя нішы і выходзілі на новыя рынкі. У адрозненне ад большасці развітых краін, дзе ў сярэднім да 60% малых прадпрыемстваў з`яўляюцца інавацыйнымі, Беларусь знаходзіцца толькі на пачатку гэтага шляху", адзначаецца ў прывітанні Кабякова.
Зіноўскі у сваю чаргу дадаў: "Вядома ж, нельга казаць, што мы ўсё зрабілі. Кожная краіна развіваецца ў прадпрымальніцтве, трэба рухацца наперад".
Паводле слоў міністра, "ёсць пытанні па даванні крэдытаў для малога бізнесу". "Я задаволены, што сёння прадстаўнікі Банка развіцця скажуць пра інавацыі па крэдытаванні. У нас ёсць пытанні да падатковай сістэмы, якую трэба ўдасканальваць. Але дзяржава і ўрад дапамагаюць развіццю прадпрымальніцтва. Дзесяць гадоў таму малы і сярэдні бізнес займаў у ВУП 14%, сёння — 28,5%. А мы ставім амбіцыйную задачу да 2020 года дасягнуць 40%", — заявіў Зіноўскі.
Старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас паведаміў, што да 2020 года Банк развіцця накіруе на фінансаванне суб`ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва не менш як 500 млн рублёў.
Румас падкрэсліў, што "падтрымка прадпрымальніцтва — адзін са складнікаў паспяховага функцыянавання эканомікі Беларусі". Паводле яго слоў, менавіта прадпрымальнікі здольныя найбольш аператыўна рэагаваць на зменлівыя ўмовы, ствараць новыя бізнесы, тым самым "нівелюючы адмоўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы, якія з`яўляюцца непазбежнымі спадарожнікамі перабудовы эканомікі".
"Ужо сёння ў Беларусі мы назіраем скарачэнне працоўных у дзяржсектары з прычыны яго рэструктурызацыі і мадэрнізацыі асноўных сродкаў. Збалансаваць гэтую тэндэнцыю ў сферы занятасці пад сілу прыватнаму бізнесу з яго смелымі ідэямі і гнуткім мысленнем", — мяркуе Румас.
Менавіта таму, адзначыў ён, Банк развіцця аказвае падтрымку прыватнаму бізнесу, які развіваецца ў краіне.
VI Міжнародны форум прадпрымальніцтва адкрыў у Беларусі Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва, які праводзіцца з 14 па 20 лістапада. Мерапрыемствы ў межах тыдня арганізуе цэнтр дзелавых камунікацый "Белбіз". Партнёрамі выступаюць Банк развіцця Рэспублікі Беларусь і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/669/37555
Текущая дата: 26.12.2024