Белорусский портал в Казахстане

Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся давесці сярэднюю заработную плату да 500 долараў у наступным годзе



Аб гэтым паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Заслухоўваючы даклад пра перспектывы развіцця Магілёва, Прэзідэнт зазначыў, што цяперашні ўзровень зарплат лічыць недастатковым. "Рыхтуйцеся набраць сярэднюю зарплату ў 500 долараў у наступным годзе", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць немэтазгодным павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасці працы. "Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да 500 долараў наблізіліся", — сказаў Лукашэнка.

У снежні 2010 года, выступаючы на IV Усебеларускім народным сходзе, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка заяўляў, што да 2015 года памер заработнай платы ў Беларусі наблізіцца да 1 тысячы долараў у эквіваленце. Планам не суджана было спраўдзіцца з-за дзвюх дэвальвацый рубля (у 2011 і 2014—2015 гадах).

Да вызначанага тэрміну сярэдняя зарплата не перавысіла 500-доларавую планку. Вышэй за гэтую адзнаку яна была ў снежні 2010 года, сакавіку і красавіку 2011 года, са снежня 2012 года па снежань 2014 года. Максімум быў зафіксаваны ў ліпені 2014 года (каля 630 долараў).

Да канца гэтага года, паводле прагнозаў Міністэрства эканомікі, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата па краіне павінна скласці 884,1 рубля (каля 455 долараў).

Між тым, паводле звестак Белстата, у верасні гэты паказчык склаў 732,9 рубля (каля 376 долараў), прычым найменшае яго значэнне было зафіксаванае менавіта ў Магілёўскай вобласці — 627,2 рубля (каля 322 долараў).

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 14 лістапада 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/669/37560
Текущая дата: 26.12.2024