Белорусский портал в Казахстане

Прыблізна 150 спецыялістаў бяруць удзел у Міжнароднай канферэнцыі міжурадавай групы экспертаў па змене клімату ў Мінску



Аб гэтым паведаміла прэс-служба Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Прыблізна 150 спецыялістаў бяруць удзел у Міжнароднай канферэнцыі міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (МГЭЗК), якая праходзіць у Мінску з 29 жніўня па 2 верасня, 
Канферэнцыя адкрылася раніцай у гатэлі "Рэнесанс Мінск" з удзелам кіраўніка Мінпрыроды Андрэя Каўхуты.

У мерапрыемстве бяруць удзел дэлегаты урадаў па лініі аховы навакольнага асяроддзя і клімату з ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Аўстраліі, Лацінскай Амерыкі, Азіі, Афрыкі. У дыскусіі будуць удзельнічаць і прадстаўнікі Беларусі. Эксперты абмяркуюць распрацоўку новага метадалагічнага даклада па змене клімату.

Гэта першая сустрэча ў трохгадовым працэсе падрыхтоўкі дакумента МГЭЗК па вызначэнні зместу для распрацоўкі новага метадалагічнага даклада. Працу плануецца завяршыць да мая 2019 года.

"Арганізацыя і правядзенне міжнароднай канферэнцыі ў сталіцы Беларусі будзе садзейнічаць павышэнню ўвагі да праблемы змены клімату і яго наступстваў, а таксама экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя ў цэлым, дасць магчымасць павысіць імідж краіны на міжнароднай арэне", — адзначыла прэс-служба.

Пра арганізацыю і правядзенне на тэрыторыі Беларусі канферэнцыі МГЭЗК дамоўленасць была дасягнутая на 21-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб`яднаных Нацый аб змене клімату 8 снежня 2015 года, на якой было прынятае Парыжскае пагадненне.

Мэтай працы МГЭЗК з`яўляецца ацэнка стану навуковых ведаў, звязаных са зменай клімату.

МГЭЗК заснаваная ў 1988 годзе Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй і Праграмай Арганізацыі Аб`яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (ЮНЭП), ухваленая Генеральнай асамблеяй ААН з мэтай забеспячэння палітыкаў рэгулярнымі ацэнкамі навуковай асновы праблемы змены клімату, яго уздзеянняў і будучых рызык, а таксама варыянтаў адаптацыі і змякчэння ўздзеянняў.

МГЭЗК сама не вядзе навуковых даследаванняў, не праводзіць кліматычных назіранняў і не выпускае ўласных кліматычных мадэляў, яна ацэньвае тысячы апублікаваных штогод навуковых прац, каб інфармаваць палітыкаў аб наяўным стане навуковых ведаў, звязаных са зменай клімату. Група прапануе палітыкам кароткае апісанне таго, што навуковая супольнасць разумее пад зменай клімату, і не займаецца прасоўваннем нейкага канкрэтнага пункта гледжання.

У сакратарыяце МГЭЗК 12 пастаянных супрацоўнікаў. Членамі МГЭЗК з`яўляюцца эксперты са 195 краін.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 жніўня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/672/36746
Текущая дата: 16.11.2024