Белорусский портал в Казахстане

Беларускі беспілотнік не парушаў паветранай прасторы Літвы



Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

"Паводле інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, у названы літоўскім бокам час у гэтым раёне квадракоптэрам "Фантом 3" ажыццяўлялася аэраздымка для фільма - прэзентацыі абноўленага пагранічнага перахода "Прывалка".

Пры гэтым беларускім беспілотным лятальным апаратам не было дапушчана парушэнняў паветранай прасторы Літвы. Аб гэтым адназначна сведчыць як відэазапіс, так і аўтаматычна захаваныя апаратам GPS-логі палёту, якія мы гатовы прадаставіць літоўскім калегам", - падкрэсліў ён.

Дзмітрый Мірончык адзначыў, што ўсе неабходныя растлумачэнні па гэтым пытанні цалкам маглі б быць атрыманы літоўскім бокам праз спецыяльна заснаваны механізм пагранічных упаўнаважаных дзвюх краін.

"Вывад пытання на ўзровень знешнепалітычных ведамстваў толькі зацягвае працэдуру атрымання інфармацыі і стварае глебу для беспадстаўных спекуляцый на сур`ёзную тэму бяспекі граніц і паветранай прасторы", - растлумачыў ён.

12 жніўня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/674/36593
Текущая дата: 16.11.2024